Мацi вельмi ўзлавалася на мяне i сказала:

- Я дзiўлюся, што ты не выкiнуў гэтага з галавы пасля гаворкi з бацькам! Бацька ж патрабаваў ад цябе, каб ты раз i назаўсёды забыў пра чужыя краiны. А ён лепш за цябе разумее, якой справай табе займацца. Вядома, калi ты хочаш згубiць сябе, едзь хоць зараз, толькi ведай, што мы з бацькам нiколi не дамо згоды на твае падарожжы. I дарэмна ты спадзяваўся на маю помач. Не, я нi словам не абзавуся бацьку пра твае бязглуздыя выдумкi. Я не хачу, каб потым, калi мора давядзе цябе да жабрацтва i пакут, ты мог папракнуць сваю мацi за тое, што яна давала табе патачку.

Потым, праз многа гадоў, я даведаўся, што мацi ўсё ж перадала бацьку нашу гаворку - ад слова да слова. Бацька быў засмучаны i адказаў ёй, цяжка ўздыхнуўшы:

- Не разумею, чаго яму не хапае? На радзiме ён здолеў бы без цяжкасцей дабiцца поспеху ў сваёй рабоце i шчасця. Мы хоць i небагатыя людзi, але сякiя-такiя сродкi ў нас ёсць. Ён можа жыць разам з намi, не маючы нi ў чым патрэбы. А калi ўжо ён наважыўся падарожнiчаць, то зведае цяжкiя нягоды i пашкадуе, што не паслухаў бацьку. Не, я не магу пусцiць яго ў мора. Далёка ад радзiмы ён будзе ў самоце, i калi з iм здарыцца няшчасце, у яго не знойдзецца сябра, якi б здолеў яго суцешыць. I тады ён будзе каяцца, ды будзе позна!

I ўсё роўна праз некалькi месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькi дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, якi збiраўся плыць у Лондан на караблi свайго бацькi. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з iм, спакушаючы тым, што праезд на караблi нiчога мне не будзе каштаваць.



2 из 185