Можа б, i не лiшне ўзялi б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знiк з дому. Назаўтра пасля забойства паручнiка знайшлi пасярод дарогi, i следства пачало трэсцi кожную хату. Былi i ў Бушмара, але нiчога не даводзiла яго вiнаватасцi, хiба толькi што сляды на снезе зварочвалi з дарогi на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i цi мала куды i чаго ходзяць людзi напрамiк, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калi на трэцi дзень з'явiлiся, каб забраць яго, у хаце знайшлi адну мацi. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, "таксама на арэндзе ў найяснейшага князя". Яе перацягнулi колькi раз нагайкаю i дапыталiся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Амiля расказала ўсё, як гадзiн за тры да развiтання з польскiм афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля "бавiлася ў хаце i на вулiцы з панам паручнiкам". Праз месяцаў два яе выпусцiлi, а Бушмара i ў брата не знайшлi - счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.

Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякi хутар яго паскублi, дый так мацi пачала рашаць гаспадарку, бо не было сiлы ўпраўляцца адной.

Нiкому Бушмар нi ў чым не прызнаўся, нават самой Амiлi, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольнiцкi зiрк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.

- Не я забiў, - адказаў ён i мацеры.

I мацi з таго была ўпэўнена, што сын яе не вiнаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькi калi-нiкалi ўспамiналi людзi. На Бушмара ж, можна сказаць, нiхто i не думаў цяпер.

Другi раз Амiля прыйшла была да яго ўжо нейк пад восень. Незвычайная для яе, нездаровая смеласць была ў вачах яе. Узбуджанасць прыкметна была ў ёй надзвычайная.

- Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.

- Пытай.

Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.

- Цi iсцi мне замуж? Да мяне адзiн сватаецца.



10 из 86