
А калi вайна была з палякамi, Лявону прыйшла ўжо была пара iсцi ў войска, але так усё iшлося, што не лiшне ён i клопату ўжываў, каб не iсцi то адступленнi, то наступленнi, то прыхоўваўся крыху, так яно i сыходзiла. Толькi калi ўжо вайна канчалася, выйшаў быў загад такi, што ўсiм дэзертырам будзе даравана, калi ў тры днi самi з'явяцца. У Лявона, вядома, i ў думках не было з'яўляцца, ды, можа, i не чуў ён пра гэты загад, седзячы, як воўк, у сваёй лясной гушчырнi, але з блiзкiх залесных хутароў два хлапцы сабралiся ехаць i яго падгаварылi:
- Дурны ты, што ты выгадаеш, калi будзеш сядзець дома! Можа, неўзабаве, кажуць, замiрэнне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так - усё роўна не падаруюць.
- А цi праўда, што цяпер нiчога не будзе?
Яму паказалi друкаваны загад. I хоць ён чытаць не ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў i такiм чынам праслужыў у Чырвонай армii нешта з год. Расказвалi, што чырвонаармеец з яго выйшаў несамавiты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымi паляўнiчымi былi), але палiтграмата - дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылi, але ж калi ён пасля вярнуўся дадому, дык адразу i гэта забыўся.
У армii папаў ён у тую часць, якая кагадзе з фронту прыйшла. Стаялi раней у казармах, а пасля выйшлi з iх.
Сярод лясоў i поля Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова, а то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым i маўклiвым. Часамi слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей i гарадской таўкатнi ён адчуваў сябе, як мядзведзь за сталом у пакоях. Некалькi разоў за ўсю службу ён прасiў усё аднаго ж таварыша напiсаць да мацеры лiст:
- Напiшы ты, будзь ласкаў, лiст мне дадому, я табе аддзякую.
