
- Хадзi сюды, - падаў ён голас.
- Скажы, якая я для цябе?
- Сядзь.
Ён пачуў, што яна плача, што яна не асмельваецца ўжо сесцi блiзка да яго. Ён прагнуў яе ранейшага, нядаўняга слова, дзе не было нi папроку, нi слёз, а толькi пакорлiвасць - гатовай да ўсяго дзеля яго жанчыны. Абое маўчалi доўга.
- Лявон...
Цяпер ён працягнуў руку, падцягнуў яе да сябе.
- Скажы.
Як у бяспамяцтве, ён прыцiснуў да сябе яе галаву. Яна плакала ўжо цiхiмi, бяздумнымi слязьмi, выпрошвала ў яго слова:
- Скажы, ну скажы, Лявонка, якая я табе?.. Ты мяне знявiдзеў... Завошта. Чаму ты?..
- Маўчы, - зашаптаў ён, - ты маўчы.
- Чаму ты сказаць не хочаш?.. Ты мяне гэтак укалоў, гэтак скрыўдзiў... Нашто ты мяне гэтак?..
- Маўчы, - папрасiў ужо ён.
Яна больш не гаварыла, маўчаў i ён. Цяпер пасадзiў сабе на каленi i прытулiў яе твар да свайго. Яна пакiнула плакаць, цiснулася да яго, вiсла рукамi на яго шыi. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае i пакутнае.
Ужо забялела над лесам, ужо нават i ружавець пачало, а нiхто не хадзiў па Бушмаравым двары. I от нарэшце з цёмнай нары выйшла Амiля. Яна была новая нейкая, не падобная на сябе ранейшую, штосьцi было ў вачах закончанае, зусiм сфармаванае. Можа, гэта цвёрдае ўяўленне назаўсёды было, што такое яна i што такое Бушмар i што яны адзiн для другога.
Яна доўга сядзела на ганку, гледзячы перад сабою ў зямлю. Гэтая ноч змучыла яе. Яна ўсё глядзела на свой росны след на траве.
Бушмар выйшаў неўзабаве. Ён пайшоў проста да студнi. Выцягнуў вядро вады, нагнуўся i стаў лiць празрысты холад сабе на галаву.
ХI
Ужо зблекла ружовасць на ўсходзе. Вяршалiны лесу гарэлi сонечнымi агнямi, i лес слухаў безутрапёную музыку чулай ранiцы. Сонца было за ўзгоркам, але далёка яшчэ, пакуль знiкне раса. Росны след скрозь клаўся з-пад Амiлiных ног, да лесу, а ў лесе сцежка з леташнiх хвойных iголак маўчала пад нагамi. Тут было цiха i прытульна. З-пад дрэў цёк водыр вечна маладога ядлоўцу, пахла хвоя i лясная зямля. Вечнасцю дыхала ўсё. Нават чулыя гукi былi як цiшыня.
