- Табе колькi разоў казалi - не таўчыся тут перад вокнамi дарэмна, сказала пакаёўка, выходзячы на ганак.

Тады бацька заенчыў:

- Унь мне дзiця апошнi кусок хлеба з стала прынясло. Няўжо я з раскошы прашу? Няўжо я...

I вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокi i моцны, выскачыў на ганак i схапiў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзiнец, да самай дарогi, дзе стаялi дваровыя людзi, i некаторыя спачувалi, некаторыя смяялiся. Бацька пайшоў, а яна, малая, бегла за iм, i страшны малюнак бацькавай прынiжанасцi не даваў ёй спакою.

- Заўтра пайду папрашу аканомiху, - сказаў спакойна бацька, калi адышлiся яны трохi ад двара.

- Не iдзi!

Яна закрычала немым голасам. Не магла больш выгаварыць нiводнага слова ад слёз i вялiкай цяжкасцi.

- Чаму? - сказаў бацька. - Можа, яе ўпрашу, дык як-небудзь i абыдзецца добра.

I, памаўчаўшы, яшчэ сказаў сам сабе:

- Яна, кажуць, нiштаватая кабета, ласкавейшая за яго.

I яшчэ большая крыўда за гэты бацькаў спакой i халодную нявольнiцкую разважлiвасць пеканула яе ў сэрца. Бацька ж гаварыў:

- Давай хлеб, падсiлкавацца трохi.

Яны селi на дарозе, i Амiля магла толькi сказаць:

- Як ён цябе пхаў цераз увесь двор.

- Што ж ты зробiш, - адказаў бацька. - Будзе горшая бяда, калi прыйдуць ды апошняе забяруць.

I маўчаў. Можа, буры кiпелi ў iм на дне душы, але твар яго, грубы, абветраны, быў халодны. I от з таго доўга насiла яна ў сабе страшны роспач: "Можа, яму не зусiм моцна балела, як яго цiснулi за шыю, але як гэта ён яго гнуў унiз, пхаў!"

Бацька iшоў гэтак у чужых руках праз увесь дзядзiнец, той самы бацька, якi заўсёды галодны i спрацованы. Ён пойдзе да аканомiхi, хоць тут зусiм не можна iсцi прасiць - нейкая сiла не дазваляе iсцi зноў прасiць, а загадвае штосьцi iншае: пайсцi i ўзяць таго, хто пхаў бацьку, i забiць яго, але не адразу, а каб ён мучыўся перад смерцю i каб слухаў, як яму будзе яна за скрыўджанага бацьку выгаворваць усю крыўду. Толькi гэта трэба зрабiць, больш нiчога не можна рабiць.



28 из 86