
Так iшло тут жыццё зямлi i людзей на ёй.
Калi Бушмар служыў яшчэ ў войску, ён нудзеў па гэтым жыццi. Тут быў для яго цэнтр свету. Гэта ён тады чуў больш, як цяпер. Цяпер толькi жыў, больш, можа, як хто тут заклапочаны ўпартым сваiм змаганнем з зямлёй. Ён папрабаваў быў выкарчоўваць падлесную неўрадлiвую i дагэтуль граду, але не даў рады. Так у яго гэта засталося, толькi ў думках - от нешта такое прыйдзе, пара гэтакая, калi неяк гэта ў яго зробiцца, ён сам пра гэта пастараецца, тады будзе нешта iншае... Такое чаканне ўсё было ў чалавека, пакуль ён ладзiў i ладзiў удала, што пакiнуў яму бацька.
Гэтакае ж чаканне было i ва ўсiх. Бушмаравы вясковыя суседзi спрадвеку мучылiся на сваёй зямлi, яна была цяжкаю, але яе было мала. Людзi думалi каб яе было больш, яна была б лягчэйшай.
З вялiкаю радасцю людзi пачалi рэзаць яе, адрэзваць сабе, дзе толькi льга было. Суседнiя ад вёскi хутары адразу паменшылiся. Вяскоўцы ўрэзалi сабе зямлi i з княжацкага маёнтка. Зямлi хапiла, яе стала даволi, але яна стала яшчэ цяжэйшаю. Таму яе яшчэ ўсё было мала.
Трэба было рабiць з зямлёю штосьцi зусiм iншае.
У гэты ж час Бушмар узнявiдзеў Андрэя. Андрэй тады пачаў арудаваць над зямлёю. Тады, калi Бушмар быў яшчэ ў войску, Андрэй першы падаў быў думку пра тое, за што стары Вiнцэнты назваў быў яго ў Бушмара гадам.
Людзi не любiлi Бушмара, i ён не любiў людзей. Ён быў звераваты з натуры сваёй i, яшчэ з бацькам жывучы, прывык адмяжоўвацца заўсёды ад усiх.
Ужо ў тую ноч, калi варочаўся Бушмар дадому з войска, ён, ступiўшы на сваю зямлю, адчуў быў сумную трывогу, але пасля гэта прайшло, ён як бы не заўважаў цi стараўся не заўважаць таго, што навокал яго рабiлася.
Але ў глыбiнi яго душы з гэтага расло страшнае пачуццё. Можа, яно павялiчвалася з таго, што гэтак неспадзявана i гэтакаю блiзкаю стала да яго Андрэева сястра. Амiля сама заўважала гэта, i гэта яе мучыла. Яна не магла дзеля Бушмара сцурацца брата, - там было ўсё роднае, з малых дзён блiзкае i знаёмае.
