- Сама я...

- Трэба рабiць зараз жа канец, усяму.

- Чаму канец?

- Уцякай адтуль i падавай у суд.

- Ён мяне адтуль не гонiць.

Тады брат аж зазлаваў, доўга хваляваўся i гаварыў.

Так прайшоў той дзень. Яна пад вечар адна была дома, а Бушмара ўсё не было. Ён не прыходзiў доўга, ён сядзеў там усё, каля свайго каня. Вечар пачаў агортваць яго, а ён як бы i не думаў рушыць адсюль. Ён як бы першы раз цяпер на жыццi сваiм адчуў моц водыру лясной зямлi, вялiкую цiшыню гэтай адзiноты тут, гарачую iмклiвасць конскiх вачэй каля яго, пераможныя гукi вялiкай птушкi над лесам.

Амiля нi за што не бралася дома, адвячорак спаткаў яе ў полi, з другога боку ад сялiбнай брамы, там, дзе за агароджаю пачыналася ржышча на лясным выцерабе. "Цi не паручнiкаў гэта?" - тачыла яе сэрца крыўднае Бушмарава слова, якое яна чула ад яго нават гэтымi днямi, калi прынесла была сюды на кароткi час свайго малога.

Ля ног яе ляжала пустое ржышча. Над полем, над ёю, над усiм вакольным чула яна - гуў лес. Яна сядзела на зямлi, маленькая, змучаная, без ранейшых жывых колераў уваччу.

Быў вецер, было чыстае неба i адзiноцтва. Шумеў лес, i маўчала поле.

Раздзел другi

I

Вiнцэнты нiколi не ўспамiнаў ужо сваiх дзяцей ад першай жонкi - яны даўно рассыпалiся па свеце, ад другой жонкi былi два сыны. Праз колькi ўжо год яны сварылiся - нiяк не маглi выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзялiцца было нельга. Жывучы пры iх, Вiнцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калi, а ўсiм гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лiшне чаго - ён iх пагадаваў, а цяпер яны павiнны яго дагледзець, i больш ён нiчога да iх не мае.

Багатым лiшне Вiнцэнты нiколi не быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькi смяяўся, бывала, што той хоць i заможны, але страцiў з выгляду ўсю сваю шляхетнасць, забыўся, мусiць, на сваю радавiтасць i не знаўся з выдатнымi арандатарамi i панамi.



35 из 86