Яна з хiтрым жартам дражнiла зiркам хлопцаў i мужчын. Святымi днямi хлопцы знаходзiлi прычыну зайсцi на Бушмараў хутар - патаргаваць насеннай канюшыны або садавiны. Галена калола iх вачыма, даводзiла iх да таго, што iм не хацелася iсцi адгэтуль, а сама, зiрнуўшы катораму з iх у вочы апошнi раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, i iшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалi каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат i сабачы брэх доўга абуджвалi лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзiў ад Галены "праўды". Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страцiць гэтай яе ласкi. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасцю на яго гляне, ён, не думаючы, усхватваўся, патрабаваў, прасiў, выпрошваў ад яе сказаць "праўду", а яна, патрымаўшы яго крыху гэтакiм, упэўнiвала яго, што не ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, i дакляроўвала другi раз сама адразу выпусцiць сабаку i не выходзiць да iх. Яна ўскiдала на яго вачыма гэтак, што ён пакорлiва змаўкаў i верыў. Усе так i гаварылi, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават i самому Бушмару дасць рады. "Гэта яму не Амiля!", а Бушмару было ўсё роўна, што i як пра яго гавораць. Людскою думкаю ён не цiкавiўся. Ён быў бы рад, калi нават чалавечая нага не ступала на яго хутар, каб нiводная жывая iстота, якая можа думаць i гаварыць, не з'яўлялася нiколi па гэты бок лесу.

Але гэтае ўтрапенне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы, яна стала iншаю. Яе пакiнула цягнуць на вёску, яна пакiнула скардзiцца на воўчую адзiноту ляснога хутара, часта ўсмiхалася сама сабе цiхаю ўсмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнай усмешкi, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара - у хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, i яшчэ больш, здаецца, ён пачаў ненавiдзець кожнага, хто заходзiў калi-небудзь на хутар.



42 из 86