Крысцiян Менетрые iм захапляўся, не прапускаў нiводнай прэм'еры з яго ўдзелам, але, напэўна, нiколi б не пазнаёмiўся з Ларанам, бо яны абодва саромелiся, каб не ўмяшалася ў справу рашучая Клер. Клер Менетрые ў дачыненнi да выдатнага артыста цалкам падзяляла пачуццi мужа i выказала пажаданне, каб Крысцiян напiсаў п'есу. Яна меркавала, i зусiм слушна, што спрактыкаваны артыст знойдзе спосаб яго прымусiць, i ўжыла ўсе захады, каб прывабiць Ларана ў свой дом. Гэта ёй удалося. Бледныя шчокi i ясныя вочы колеру марской вады надавалi Клер прывабнасцi, а жаночае хараство было той сiлай, якая заўсёды ўзрушвала Леона Ларана. Зрэшты, пазнаёмiўшыся, мужчыны адразу ж знайшлi ўдзячную тэму для дыскусiй - "тэатр". У Крысцiяна на гэты конт было мноства iдэй, i большасць iх супадала з думкамi мастацкага кiраўнiка трупы.

- Вялiкая памылка рэалiстаў, - сказаў Крысцiян Менетрые, - у тым, што яны выносяць на сцэну бытавую гутарку... А гэта якраз i не цiкава гледачу ў тэатры. Не трэба забываць, што драма бярэ свой выток з абрадаў, а таму працэсii, выхады i хоры займаюць у ёй значнае месца... I нават камедыя... Гавораць, што Мальер вывучаў мову насiльшчыкаў на мосце Понт-о Шанж. Гэта магчыма, гэта напэўна так, але ён вывучаў, каб потым яе стылiзаваць.

- Згодзен, - сказаў Леон Ларан. - Цалкам згодзен. I гэта яшчэ адзiн довад, Менетрые, каб я вам параiў заняцца пiсаннем для тэатра... Вашы лiрычныя строфы, адмысловая вобразнасць, пры ўсёй iх як быццам неадпаведнасцi, цудоўны матэрыял для акцёра... Зрабiце нам статуi - мы дадзiм iм жыццё.

Леон Ларан гаварыў кароткiмi фразамi, i яго прыгожы голас надаваў iм непаўторнае гучанне.



2 из 9