- А грошы ў цябе трохi ёсць? - спытаўся iнжынер.

- Ёсць, пане, рубель, i сорак грошаў, i злотых дзесятачкамi...

Iнжынер зноў пачаў напяваць i азiрацца па ваколiцы, а ў паравозе ўсё нешта бурчэла. Нарэшце з карчмы выбегла абслуга цягнiка з бутэлькамi i скруткамi. Машынiст i памочнiк селi на паравоз i - паехалi.

Праз нейкую мiлю ад станцыi, на павароце, паказалiся дымы над стрэхамi беднай вёскi на балоцiстай нiзiне. Убачыўшы вёску, Мiхалка ажыў. Пачаў смяяцца, гукаць (хоць бы яго не пачулi з такое адлегласцi), махаць шапкай... Але змазчык, якi сядзеў на тамбуры, прыкрыкнуў на яго:

- Чаго ты там выхiляешся! Яшчэ звалiшся к чорту...

- Гэта ж, пане, наша вёска, тая вунь!..

- А ваша, дык i сядзi спакойна, - адказаў змазчык.

Мiхалка сеў спакойна, як яму загадалi. Толькi на сэрцы было неяк нудна, i ён пачаў малiцца. Ах, як ён ахвотна вярнуўся б у сваю вёску, злепленую з глiны i саломы, туды, дзе навокал балота!.. Ды не было чаго. Хоць i называлi яго "дурным", ён усё ж разумеў, што ў свеце людзi менш памiраюць з голаду i з начлегам лягчэй, чым у вёсцы. О, у свеце хлеб бялейшы, на мяса можна хоць паглядзець, больш дамоў i людзi не такiя бедныя, як у iх.

Мiналi станцыю за станцыяй, затрымлiваючыся дзе даўжэй, дзе карацей. На заходзе сонца iнжынер загадаў накармiць дзецюка, а ён за гэта нiзенька пакланiўся.

Пачалi ехаць па зусiм новых аколiцах. Тут не было залiтых балотаў, а ўзгоркаватыя палi, звiлiстыя, быстрыя рэчкi. Пазнiкалi курныя хаты i плеценыя з лазы гумны, паказалiся прыгожыя двары i мураваныя будынкi, лепшыя, чым у iх касцёлы або корчмы.

Ноччу спынiлiся каля горада, якi стаяў на гары. Здавалася, што дамы лезуць адзiн на адзiн, а ў кожным столькi святла, колькi зорак на небе. На цэлай сотнi пахаванняў не ўбачыш столькi свечак, колькi ў гэтым горадзе...

Штосьцi вельмi хораша iграла, людзi хадзiлi натоўпам, смеючыся i рагочучы, хоць была ўжо такая позняя ноч, што ў вёсцы пачуў бы толькi голас нячысцiка i брэх растрывожаных сабак.



2 из 18