- Я тут! - паўтарыла.

- А грошы ёсць? - спытаўся чаляднiк.

- Ёсць! Во яны... На! - сказала, падаючы яму рубель.

Чаляднiк схаваў рубель у кiшэню. Тады схапiў дзеўку за валасы i пачаў бiць, прыгаворваючы:

- Другiм разам слухайся, бо на парог не пушчу... Рублём не адкупiшся!.. Слухайся!.. Слухайся! - паўтараў ён, лупцуючы яе кулакамi.

- А божа ж мой!.. - крычала дзеўка.

- Слухай!.. Слухай, што я кажу...

Ды раптам ён пусцiў дзяўчыну, бо адчуў, што за карак яго ўчапiлася магутная рука. Сяк-так павярнуў галаву i ўбачыў Мiхалкавы раз'ятраныя вочы.

Чаляднiк быў хлопец хват, ён чарпануў Мiхалку кулаком па лабацiне, ажно ў таго ў вушах зазвiнела. Аднак чаляднiкаў карак не выпусцiў, нават сцiснуў яго мацней.

- Задушыш мяне, зладзюга ты... дык пабачыш тады! - хрыпата застагнаў чаляднiк.

- А ты не бi яе! - сказаў дзяцюк.

- Не буду, - мармытнуў той, высалапiўшы язык.

Мiхалка пусцiў руку, а чаляднiк ажно захiстаўся. Глытнуў разоў колькi паветра, а потым сказаў:

- Не хоча, каб я бiў яе, дык няхай са мною не ходзiць... Хоча любiць - хай любiць, але я б'ю, бо ўжо такi мой звычай!.. Што з тае дзеўкi, якую нельга бiць?.. Няхай iдзе да лiхаматары!

- I пойдзе... Падумаеш! - сказаў дзяцюк.

Але дзяўчына злавiла Мiхалку за рукi.

- Пакiнь ты ўжо, - гаварыла яна, дрыжучы i абдымаючы яго. - Не лезь у нашы справы...

Дзяцюк анямеў.

- А ты дадому iдзi, - сказала дзеўка чаляднiку, узяўшы яго пад руку. Навошта, каб хто з цябе тут кпiў на вулiцы...

Чаляднiк вырваўся ад яе i, смеючыся, сказаў:

- Iдзi сабе да яго! Ён цябе бiць не будзе... Ён жа табе i грошы даваў...

- Ат! Пакiнь ты!.. - узлавалася дзеўка i пайшла.

- Бачыш, з бабай трэба як з сабакам! - сказаў чаляднiк, паказаўшы на дзеўку рукой. - Лупцуй яе, а яна за табой у агонь палезе...

I знiк. Толькi ў начной цiшынi чуўся ягоны злосны смех.



8 из 18