Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.

Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.

З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.

Адзiн раз было вось што.

Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:

- Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.

- Чаму, што? - запыталiся ўсе разам.

- Што?! - заскрыпеў Мацвей. - Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам - самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!

- А хто ж вiнават? - запытаўся Юлiк Карнавух.

- Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.

- На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, - умяшаўся Тарас Смольскi. - Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.

- I ты ж не быў! - гукнуў нехта з кутка.

- Як бы за мною астаноўка, - засердзiўся Тарас. - Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было - я парсюку катух гарадзiў.



13 из 14