
Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля цiхом павярнуўся i шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасцi, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькi разоў разгiналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.
Штосьцi новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая i вясёлая Волька. Наiўнасцi тут ужо не было. Хоць Дзядзюля i не разбiраўся лiшне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якiя кладзе душа на твар, усё ж ён, стоячы тут за сцяной, падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусiць, глыбока ведае цану з'явам свету i людскiм учынкам. У гэтую хвiлiну ў яго з'явiлася такое пачуццё, быццам яго асарамацiлi перад усiм светам. Сцiснуўшы зубы, ён шпарка выскачыў з могiльнiка i рушыў да сваёй канцылярыi.
Да самага вечара ён быў неспакойны. За паўгадзiны да канца сваёй работы ён сядзеў у самым цёмным кутку канцылярыi i нехаця корпаўся ў паперах. Сонца спускалася за стагi саломы, i, увайшоўшы ў гэты пакой знадворку, адразу здавалася, што тут зусiм змрочна.
Цiхом адчынiлiся дзверы i хтосьцi ўвайшоў. Дзядзюля не падняў галавы. Ён толькi ўздрыгануўся, калi пачуў проста перад сабою пявучы голас:
- Выбачайце, мне параiлi зайсцi да вас. Справа такая, што я прыехала сюды пабыць на магiлах сваiх бацькоў. Я хацела прывесцi магiлы ў парадак. Чалавек, у якога я начавала, зробiць балясы, каб агарадзiць магiлы, але ў яго няма цвiкоў. Ён гаворыць, што ў краме цвiкоў так мала, што iх не кожнаму прадаюць. Я i прашу вас, каб вы адпусцiлi цвiкоў, iх трэба не многа.
Змянiўшы голас так, каб яго не пазналi, i зацiскаючыся глыбей у цёмны кут, Дзядзюля абазваўся:
- Можна падумаць, што вы вельмi шануеце памяць сваiх бацькоў! Аднак жа на пахаванне бацькi не прыехалi.
