Такiм чынам, мне трэба было выбраць якую-нубудзь iншую прафесiю, i я пайшоў у лётчыкi. Дзе мне толькi не давялося быць! I геаграфiя сапраўды спатрэбiлася мне. Я мог з першага погляду адрознiць Кiтай ад Арызоны. Гэта вельмi карысна, калi часам заблудзiшся ўночы.

За сваё жыццё мне давялося сутыкнуцца з многiмi сур'ёзнымi людзьмi. Я многа часу пражыў з дарослымi, быў вельмi блiзка знаёмы з iмi. Не скажу, каб пасля гэтага я стаў лепей думаць пра iх.

Калi я сустракаў каго-небудзь з iх асяроддзя, хто здаваўся мне трошкi разумнейшым, я паказваў яму малюнак No 1, - я збярог яго i заўсёды насiў з сабою. Мне хацелася ведаць, цi сапраўды той чалавек кемлiвы. Але кожны дарослы заўсёды адказваў мне: "Гэта капялюш". I я ўжо не гаварыў з iм нi пра ўдаваў, нi пра джунглi, нi пра зоркi. Я прыстасоўваўся да яго паняццяў. Гутарыў пра брыдж i гольф, пра палiтыку i гальштукi. I дарослы быў дужа задаволены знаёмствам з такiм разумным чалавекам.

II

Так я жыў у адзiноце, i не было ў мяне анiкога, з кiм бы я мог па-сапраўднаму адвесцi душу. Але аднойчы, шэсць гадоў назад, мне давялося зрабiць вымушаную пасадку ў Сахары. Нешта зламалася ў маторы майго самалёта. Са мною не было нi механiка, нi пасажыраў, i трэба было самому ламаць галаву, як выратавацца. Я павiнен быў адрамантаваць матор альбо загiнуць. Маiх запасаў пiтной вады хапiла б ледзьве на тыдзень.

I вось - мая першая ноч сярод бязмежных пяскоў пустынi, дзе на тысячы мiль наўкол - нiводнага селiшча. Чалавек, якi пасля караблекрушэння ўсё-такi ацалеў дзесьцi на плыце ў бязмежным акiяне, i той быў не такi адзiнокi. Дык уявiце сабе маё здзiўленне, калi на досвiтку мяне пабудзiў нечы тоненькi галасок:

- Калi ласка... намалюй мне баранчыка!

- Га!

- Намалюй мне баранчыка...

Я ўскочыў на ногi, нiбы нада мной грымнуў гром. Працёр вочы. Агледзеўся. I ўбачыў незвычайнага малыша, якi сур'ёзна разглядваў мяне. Яго партрэт я намаляваў пазней. Канечне, на маiм малюнку ён не такi прывабны, як на самой справе. Але гэта не мая вiна. Калi мне было шэсць гадоў, дарослыя пераканалi мяне, што мастака з мяне не атрымаецца, таму я так нiчога i не навучыўся маляваць, акрамя ўдаваў - звонку i знутры.



2 из 42