
- Мух?
- Ды не, дробненькiя такiя, зiхоткiя...
- Пчолы?
- Ды не. Дробненькiя такiя, залатыя... На iх яшчэ любяць глядзець ды марыць розныя лайдакi. Але я - чалавек сур'ёзны! У мяне няма часу на мары.
- А! Зоркi?
- Во-во. Зоркi.
- I што ты робiш з пяццюстамi мiльёнамi зорак?
- Пяцьсот адзiн мiльён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адна. Я чалавек сур'ёзны i люблю дакладнасць.
- I што ты робiш з гэтымi зоркамi?
- Што я з iмi раблю?
- Але.
- Нiчога не раблю. Я iмi валодаю.
- Валодаеш зоркамi?
- Так.
- Але я ўжо бачыў аднаго караля, якi...
- Каралi не валодаюць. Яны толькi "пануюць над". Вялiкая рознiца.
- I што табе з гэтага валодання зоркамi?
- Яно прыносiць мне багацце.
- А нашто табе быць багатым?
- Каб купляць iншыя зоркi, калi хто-небудзь iх адкрые.
"Ён разважае амаль так, як той п'янiца", - падумаў Маленькi прынц.
- А як можна валодаць зоркамi?
- Зоркi чые? - нездаволена запытаўся дзялок.
- Не ведаю. Нiчые.
- Значыць, яны мае, раз я першы дадумаўся да гэтага!
- I гэтага дастаткова?
- Ну безумоўна! Калi ты знойдзеш дыямант, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ты знойдзеш востраў, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ў цябе першага ўзнiкла iдэя, ты бярэш на яе патэнт: яна твая.
- I то праўда, - згадзiўся Маленькi прынц. - I што ты з iмi робiш?
- Проста распараджаюся iмi. Лiчу i пералiчваю, - адказаў дзялок. - Цяжкая работа. Але я чалавек сур'ёзны.
Маленькi прынц усё яшчэ не быў задаволены.
- Калi ў мяне ёсць шалiк, я магу закруцiць яго на шыю i ўзяць з сабой. Калi ў мяне ёсць кветка, я магу сарваць яе i ўзяць з сабой. А ты ж не можаш пазбiраць зоркi!
- Не, але я магу пакласцi iх у банк.
- Як гэта?
- А так: пiшу на паперчыне, колькi ў мяне зорак. Потым кладу гэтую паперчыну ў шафу i замыкаю яе на ключ.
