
Потым выцер успацелы лоб чырвонай клятчастай насоўкай i сказаў:
- Цяжкае ў мяне рамяство. Колiсь гэта было разумна. Уранку я тушыў свой лiхтар, а ўвечары запальваў. I рэштка дня заставалася ў мяне, каб адпачыць, а рэштка ночы - каб выспацца...
- А што, з тае пары ўгавор змянiўся?
- Угавор якраз i не змянiўся, - уздыхнуў лiхтаршчык. - У гэтым уся бяда. Планета з году ў год абарочваецца ўсё хутчэй, а ўгавор застаецца нязменным!
- Ну i?.. - цiкавiўся Маленькi прынц.
- Ну i цяпер, калi яна робiць адзiн абарот за хвiлiну, у мяне не стала нi секунды пярэдыху. Штохвiлiны то запальвай, то гасi!
- От смешна! Днi доўжацца ўсяго хвiлiну!
- I зусiм не смешна, - запярэчыў лiхтаршчык. - Мы ўжо цэлы месяц размаўляем з табой.
- Месяц?!
- Канечне. Трыццаць хвiлiн. Трыццаць дзён! Добры вечар!
I ён зноў запалiў лiхтар.
Маленькi прынц з любоўю глядзеў на лiхтаршчыка, якi быў так шчыра верны ўгавору. На памяць прыйшло, як ён калiсьцi перастаўляў з месца на месца крэсла, каб лiшнi раз паглядзець на захад сонца... I яму захацелася памагчы сябру.
- Паслухай... я ведаю, як ты можаш адпачыць, калi захочаш...
- Я ўжо даўно, хачу, - сказаў лiхтаршчык.
Можна ж быць i верным слову i адначасова лянiўцам.
Маленькi прынц гаварыў далей:
- Твая планета настолькi маленькая, што ты трыма крокамi абыдзеш яе ўсю. I табе проста трэба iсцi з такой хуткасцю, каб увесь час быць на сонцы. Захочацца адпачыць - дык ты iдзi, iдзi... I дзень будзе працягвацца столькi, колькi захочаш.
- Ну, ад гэтага мне толку мала, - сказаў лiхтаршчык. - Больш за ўсё на свеце я люблю спаць.
- Тады дрэнна, - цяжка ўздыхнуў Маленькi прынц.
- Дрэнна, - згадзiўся лiхтаршчык. - Добры дзень.
I патушыў лiхтар.
"Гэтым чалавекам, - ужо зноў у дарозе падумаў Маленькi прынц, - гэтым чалавекам пагарджалi б усе астатнiя: i кароль, i славалюб, i п'янiца, i дзялок. А па-мойму, ён адзiны з iх усiх, хто не смешны. Мабыць таму, што думае не толькi пра сябе".
