Вось чаму я купiў сабе скрыначку з фарбамi i алоўкi. Нялёгка ў мае гады зноў брацца за маляванне, калi першай i, на вялiкi жаль, апошняй спробай былi мае малюнкi ўдаваў звонку i знутры - дый то яшчэ ў шасцiгадовым узросце! Канечне, я паспрабую як мага лепш перадаць падабенства. Але я зусiм не ўпэўнены, што змагу зрабiць гэта. Бо вось зраблю адзiн малюнак - ну, здаецца, добра; зраблю другi - i нi кропелькi непадобны. Дый рост трошкi бянтэжыць. Тут Маленькi прынц надта высокi. Тут ён надта маленькi. А да таго ж яшчэ няўпэўненасць у колерах яго свiткi. Вось i спрабуеш маляваць i так i гэтак. Але няхай ужо за гэта прабачаць мяне. Мой сябар нiколi не даваў мне тлумачэнняў. Ён, мусiў, думаў, што я падобны на яго. Але, на няшчасце, я не ўмею бачыць баранчыка ў зачыненай скрынцы. Я, мусiць, трошкi падобны на дарослых. Пэўна, я старэю.

V

Дзень пры днi я ўсё болей даведваўся пра планету Маленькага прынца, пра тое, як ён пакiнуў яе, як вандраваў. Ён расказваў пра гэта патрошку, калi прыходзiла да слова. Так, на трэцi дзень я даведаўся пра трагедыю з баабабамi.

I на гэты раз дапамог баранчык. Маленькi прынц разглядваў малюнак i раптам, нiбы яго апанавала цяжкае сумненне, спытаў:

- А праўда, што баранчыкi ядуць кустоўе?

- Так, праўда.

- Цудоўна!

Я не зразумеў, чаму так важна, што баранчыкi ядуць кустоўе. Але маленькi прынц дадаў:

- Выходзiць, яны i баабабы таксама ядуць?

Я заўважыў Маленькаму прынцу, што баабабы не кустоўе, а вялiзныя, як званiцы, дрэвы, i што нават калi б ён узяў з сабою цэлы статак сланоў, гэты статак не адолеў бы i аднаго-адзiнага баабаба.

Думка пра статак сланоў насмяшыла Маленькага прынца.

- Iх давялося б паставiць адзiн на аднаго...

Але тут жа ён мудра заўважыў:

- I баабабы, перш чым вырастуць, бываюць маленькiя.

- Сапраўды! Але навошта баранчыку есцi маленькiя баабабы?

- А то як жа! - усклiкнуў ён, нiбыта гаворка iшла пра нешта выключна вiдочнае. I мне прыйшлйся напружыць свой розум, каб самастойна зразумець, што тут да чаго.



7 из 42