
* Iндульгенцыя.
I ён зноў не пачуў.
А дым ужо ахiнуў Хрысцiнiну постаць, i па-над пляцам разлёгся вусцiшны крык звар'яцелага старога Лявона, i ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скiнулi па перку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымi вачыма. I быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмi настаўнiцу i чую штосьцi пра цёмных продкаў i рэлiгiйную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, цi ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўнi ўжо дзень, калi на цвiнтары загарэлася вогнiшча з абразоў i старадрукаў нашае друкарнi, i на самым яго версе, быццам ерэтыкi, ляжалi мы з Паўлам i братамi Янам, Мацвеем, Маркам i Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешлiва гартае кнiгi, ператвараючы словы ў тло, а калi агонь падышоў усутыч, я стаў развiтвацца з сiнiм, нiбы бацькавы вочы, небам, i апошняе, што ўбачыў, перш чым нiзрынуцца ў нябыт, была кнiга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнiк, i па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-якi ўчынак. А ў дрывотнi я пачуваўся, далiбог, лепей, чым прарок Iёна ў чэраве ў левiяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкi новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўнiку ўдалося пераканаць усiх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымi вусамi зрабiў бы на месцы настаўнiка тое самае. Ён яшчэ не наблiзiўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым i цёплым струмком яго думак. А думкi ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалi гэтыя дзiвосныя абразы, пра зямлю, якая iх нарадзiла. (Ты манiў у сваiм пасланнi, мой аднайменнiк святы Пётра, калi пiсаў, што ўсякая плоць, як трава, i ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, i квет яе апаў. Ты манiў.)
