Ноч навылёт вiрыла застолiца, а на свiтаннi, у няпэўным святле аплытых свечак трохi цверазейшыя з бяседнiкаў змецiлi, як бацька i сын заснулi ў высокiх, аздобленых разьбою крэслах, звесiўшы русявыя галовы на грудзi, i княскiя людзi асцярожлiва паднялi крэслы i панеслi некуды па заблытаных пераходах.

Напоеныя падступным зеллем мастакi цiха ўсмiхалiся ў сне i не ведалi, што больш нiдзе i нiколi не паўтораць яны свайго дзiва, бо з гэтае ранiцы iх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...

Зiрнiце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова i бурштынава ўспыхнулi вiтражы ў заходнiх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыi на гiстарычным факультэце i хутка я застануся сам-насам з марудлiвай паўнаватаю прыбiральшчыцай цёткай Ядвiсяй.

Узнятыя ёю пылiнкi будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промнi, i, выбачайце, не будзе ўжо нiякае змогi ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелi б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвiся няўцямна-палахлiва азiраецца на бакi i хапатлiва жагнаецца на мяне i чамусьцi на жалезнага рыцара, якi вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.

Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмiнова трэба майстар, каб змураваць на летнiку камiн... Цiкава, якая нiтачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, цi каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкi, на якiх амаль нiчога не вiдаць i якiя ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнцiць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкi?

Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на iмгненне сустракаюся позiркам з мiтуслiвымi вачыма за круглымi шкельцамi акуляраў, i гэтага дастаткова, каб кiнуць вока ў яго будучыню.

Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусiм мала дзён. Але журботна мне з iншае прычыны.

Ну што, скажыце, зменiцца, калi ён даведаецца пра пухлiну, якая ўжо расце ў ягоным страўнiку? Пачне бегаць, шукаць нейкiя лекi...



8 из 9