Бэнуа адчуваў, як неадольная сiла вабiць яго да Мартэнавай дачкi, ён цягнуўся да яе i душой, i целам. Яму праглася сцiснуць яе ў абдымках, задушыць, з'есцi, зрабiць яе часткай сябе самога. I яго ажно калацiла ад бяссiлля i нецярплiвасцi, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзiнай iстотай.

Па наваколлi пра iх пайшла пагалоска. Iх ужо лiчылi жанiхом i нявестай. Аднойчы ён i сам папытаўся ў яе, цi хацела б яна стаць яго жонкаю, i яна адказала: "Хацела б".

Яны чакалi моманту, каб пагаварыць з бацькамi. I раптам нi з таго нi з сяго яна перастала хадзiць на спатканнi. Ён падоўгу блукаў вакол iхняй фермы, але так нi разу i не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелi, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абеднi, кюрэ з амбона абвясцiў пра заручыны Вiкторыi-Адэлiны Мартэн з Жазэфанам-Iзiдорам Валэнам.

У Бэнуа абвялi рукi, нiбыта з iх раптоўна спусцiлi ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькi па нейкiм часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малiтоўнiк.

Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.

Аднак загою не было, ён думаў i думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку i ўвечары, ён падоўгу гуляў у полi, але пазбягаў хадзiць дарогамi паблiзу Мартэнёўкi, далёка абыходзiў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзiбы.

Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалi з самага маленства.

Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыi, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навiна чамусьцi зусiм не прычынiла яму болю - наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку. Ну, вось i ўсё, вось i ўсё нарэшце. Гэта разлучала iх яшчэ болей, чым сам шлюб. Папраўдзе, гэтак было нават лепей.

Прамiнаў месяць за месяцам. Бывалi выпадкi, што ён бачыў яе на дарозе, калi яна ацяжэлай паходкай iшла ў сяло. Угледзеўшы яго, яна чырванела, угiнанала галаву i прыспешвала хаду. А ён увогуле зварочваў убок, каб не сутыкацца з ёю, не сустрэцца позiркам.



4 из 7