
Я заўсёды жыва цікавіўся фільмамі і авантурнымі раманамі, пераважна шпіёнскімі. Імпанавала мне напружанае жыццё агентаў, іх спрыт, хітрасць, энергічнасць і адвага. Часта ўяўляў сябе самога на месцы некаторых герояў фільма або рамана з жыцця шпіёнаў. Уступіць у ваенную выведку, каб знайсці прымяненне для сваіх сіл, адшукаць выйсце для сваёй энергіі, хоць нейкага асэнсаванага прымянення для свайго тэмпераменту, я не спрабаваў, бо лічыў гэта немагчымым. Меркаваў, што шпіёнамі могуць быць людзі з амаль звыш- натуральнымі здольнасцямі, усебакова падрыхтаваныя і навучаныя. Лічыў, што гэтыя людзі павінны канчаць адмысловыя школы, трапіць у якія старон- няму чалавеку цяжка ці проста немагчыма.
Усё тое не адпавядала праўдзе. Вядома, для гэтай справы — шпіёнства — пэўная кваліфікацыя ўсё ж патрэбна. Але выявілася, што я дастаткова падрых- таваны да гэтага. Каб не расцягваць аповед, пяройдзем да справы. Ужо некалькі дзён я агент ваеннай закардоннай выведкі ў Расіі. Быў правераны, зарэгістра- ваны, сфатаграфаваны і гэтак далей. Падрабязнасцей не буду апісваць, бо тут справа ідзе не пра кавалак паперы, не пра фармальнасці, а пра жыццё — жыццё ваеннага шпіёна... Пра ягоныя сапраўдныя прыгоды і ўражанні. Найперш зазначу, што апісваю сваё жыццё ў лучнасці з жыццём іншых людзей, а не дзеля пыхлівай фармальнасці або ўслаўлення дзейнасці ўстановы.
