
Нарэшце прыйшоў «халерны мужык». Гэта быў малы жаўнер, які накульгваў, у велізарных ботах. Меў задзёрты ўгару, пляскаты нос. Забаве ўвесь час здавалася, што жаўнер глядзіць на яго праз акно, прыціскаючыся да шкла канцом носа.
— Гэты? — нечакана грубым басам, што не пасаваў для маларослага выгляду, спытаў узводнага.
— Гэты.
— Добра. Шуруй сабе. Зраблю гэта, як бачыш! — цыркнуў праз зубы вузкім струменьчыкам сліны на сцяну будынка.
Засталіся адны. Сядзелі на даволі вялікай каменнай крушні пад высокай бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна было возера. У глыбіні далягляд, быццам рама, абрамляла чорная сцяна лесу. Жаўнер маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўнім пешадралам. Цягам апошніх двух дзён не спаў зусім, таму вочы проста склейваліся.
Сонца хілілася на вечар. Стомленае і нібы выцвілае, яно ападала ніжэй да зямлі, заліваючы чырванню касых промняў мяккі, чысты, бледны блакіт неба. Зыркай чырванню запаліліся верхавіны дрэў і дахі хат. Завалакло золатам блакітную далеч. Атачыла сябе багатым, барвовым пасам, нядбайна раскіну- тым па-над зямлёй, далёка налева і направа. Стрэліла пурпурам высока ўгару. Сонца нібы булькнула за небакрай, яшчэ раз успыхнула, яшчэ і — патухла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна чараты каля возера. Вада ў ім з чыр- вона-залатой зрабілася чорнай і пакрылася дробнай луской хваляў. Далягляд апрануўся ў жалобна-хаўтурны, цёмны фіялет.
Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя рызманы змяркання, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным выпарэннямі, плашчом цемры.
Ціша.
— Можа, мы пойдзем? — спытаў Забава, будзячыся ад задумення. Ледзь- ве не заснуў, разамлелы цеплынёй і цішынёй вечара.
— Можна, — басам пагадзіўся жаўнер.
Ціха пасоўваліся наперад. Наблізіліся да лесу. Ішлі спачатку сцежкаю, а потым напрасткі. Жаўнер крочыў усё павольней. У адным месцы стаў. Азір- нуўся.
— За-а-раз, — прашаптаў здушаным басам.
