
Смерць была ўжо блізка. Да яе заставалася некалькі крокаў. У роспачы кінуўся наперад. Не могучы абмінуць макабрычнай — звышжудаснага выгляду, — постаці, што загарадзіла мне дарогу, хапянуў яе за ногі, адчуваючы ў далонях цвёрдасць костак, рассунуў іх і... шмыгануў паміж імі ў калідор.
Я імчаў з усіх сіл, не азіраючыся. Калідор быў бясконца доўгі. Нібы эскорт, мяне сустракалі шэрагі ліхтароў і залатыя агеньчыкі свечак у іх. Дабег да канца калідора — куды далей? Ага, направа, у малую камеру, падобную да той, з якой толькі што збег, толькі святлейшую. У той камеры заўважыў невялікія прачыненыя дзверы. Над імі вісеў на сцяне карабін і кулямётная стужка патронаў. Сарваў са сцяны карабін і выслізнуў, аслеплены дзённым святлом, на вуліцу.
Бег далей, уляцеў у нейкі завулак. Азірнуўся. За некалькі дзясяткаў крокаў ад мяне ішлі на ўсю шырыню вуліцы ўзброеныя людзі. Прылёг за падмуроўкай жалезнай агароджы і пачаў страляць у іх. Адказалі тым жа. Страляніна трывала доўга. Заўважыў незвычайнае, што моцна мяне здзівіла: кулі лёталі ў паветры гэтак павольна, што я мог сачыць за кожнай...
Далейшага працягу сну я не меў, паколькі прачнуўся ў сваім пакойчыку, у лядашчым габрэйскім гатэліку, у Стоўбцах, дзе спыніўся праездам да мяжы.
Не прыпісваю снам адмысловага значэння, як гэта робяць людзі забабонныя, але часта сню такія дзіўныя сны, што не магу ўстрымацца ад спакусы занатаваць іх у дзённіку. Мажліва, яны маюць нейкую блізкую сувязь з маім духоўным існаваннем, і дапамогуць у акрэсленні маіх псіхічных схільнасцей. Мажліва, старонні чалавек, калі даведаецца з дзённіка не толькі пра мае сапраўдныя перажыванні, думкі, учынкі, імкненні, пачуцці, але нават і сны — лепш мяне зразумее.
