- Я вельмi паважаю людзей, якiя любяць сваю радзiму. - Потым рэзка падняў галаву i ўгледзеўся ў скульптурку анёла над акном. - Я мог бы падняцца цяпер у свой пакой, але не ведаю як.

Пляменнiца адчынiла дзверы на лесвiчку i пачала падымацца па прыступках, не гледзячы на афiцэра, нiбыта нiкога побач з ёю i не было. Немец iшоў следам. Тут я ўбачыў, што адна нага ў яго не згiнаецца.

Я пачуў, як яны прайшлi праз пярэднi пакой; крокi афiцэра то гучнелi, то зацiхалi. Аднынiлiся i зачынiлiся дзверы. Пляменнiца вярнулася, узяла свой кубак i пачала пiць каву. Я распалiў люльку. Некалькi хвiлiн мы маўчалi.

- Дзякуй богу, здаецца, чалавек ён прыстойны, - сказаў я.

Пляменнiца пацiснула плячыма. Паклала на каленi маю вельветавую куртку i пачала латаць локаць.

Ранiцай, у снеданне, афiцэр сышоў унiз. У кухню вяла другая лесвiца, i я не ведаю, цi пачуў немец нашы галасы, цi пайшоў так.

- Я добра выспаўся. Спадзяюся, i вы таксама, - сказаў ён i спынiўся ля дзвярэй. Потым з усмешкай агледзеў прасторны пакой. У нас было не дужа багата дроў i яшчэ менш брыкету, таму мы вырашылi перайсцi на зiму ў кухню. Я яе перафарбаваў, яшчэ мы ўпрыгожылi яе розным медным i iншым даўнiм посудам, перанеслi сюды сёе-тое з мэблi. Ён разглядваў усё з той самай ледзь прыкметнаю ўсмешкаю, i я ўбачыў вузенькую палоску белых зубоў. Яшчэ я ўбачыў, што вочы ў яго не блакiтныя, як мне здалося спачатку, а зеленаватыя. Урэшце ён прайшоў праз пакой i адчынiў дзверы ў сад. Ступiў два крокi i павярнуўся да нас, каб паглядзець на доўгi i нiзкi дом з цёмным чарапiчным дахам, увесь увiты вiнаградам. Пасля задаволена ўсмiхнуўся.

- Ваш стары мэр абяцаў мне, што я буду жыць у замку, - сказаў ён, углядаючыся ў шыкоўны будынак на ўзгорку, што вiднеўся скрозь аголеныя дрэвы. - Я падзякую маiм падначаленым за тое, што яны не памылiлiся. Гэты замак куды лепшы.



3 из 24