
А вы, вы не гулялi па iм? Гэта быў нiбыта забыты сад не нашага стагоддзя, прыгожы, як усмешка даўнiны. Жывы плот зялёнымi сценамi буяў абапал цiхiх, вузкiх i роўных прысадаў, а нястомныя садоўнiкавы нажнiцы руплiва стрыглi i раўнялi спляценне галiнак. I сям-там вам траплялiся кветнiкi. Рады саджанцаў стаялi, быццам школьнiкi на шпацыры, купкамi раслi густыя шыпшыны i цягнулiся ствалы пладовых дрэваў.
У самым кутку гэтага раскошнага саду жылi пчолы. Iх саламяныя хаткi, ладком расстаўленыя па градках, прыязна запрашалi сонца ў свае маленькiя, з напарстак, дзверы. I на ўсiх сцяжынках вы чулi звон залатых мушак - сапраўдных гаспадынь гэтага мiрнага куточка, сапраўдных валадарак гэтых доўгiх прысадаў.
Я прыходзiў сюды ледзь не шторанiцы, сядаў на лаўку i чытаў. Часам я клаў кнiгу на каленi i марыў, аддаючыся бясконцай асалодзе пад моцнымi грабамi.
Але неўзабаве я заўважыў, што не я адзiн прыходзiў сюды, як толькi расчынялася брама. I часам у канцы саду сустракаў дзiўнага старэнькага чалавека.
На iм былi чаравiкi з сярэбранымi спражкамi, кароткiя штаны, тытунёвага колеру гiшпанскi сурдут, карункавая хустачка замест гальштука i вычварны, з шырокiмi палямi шэры лямцавы капялюш дапатопнага фасону.
Стары быў худы, надта худы; яго кашчавы твар увесь час торгаўся i ўсмiхаўся, а жывыя вочы мiргалi, нi хвiлiны не застаючыся ў спакоi ад бесперапыннага трапятання павекаў; у руцэ ён заўсёды трымаў кiй з залатой булавешкай, якi, мусiць, быў яму нейкiм дарагiм успамiнам.
Спачатку гэты чалавек мяне здзiвiў, пасля вельмi зацiкавiў. I я сачыў за iм скрозь зялёныя сцены прысадаў, iшоў за iм здалёк, прыпыняўся на паваротах, каб ён мяне не заўважыў.
I вось аднае ранiцы, палiчыўшы, што ён адзiн, стары пачаў рабiць дзiўныя рухi: спачатку некалькi маленькiх скокаў, потым рэверанс; пасля ён выбiў нагою досыць яшчэ спрытнае антраша, пачаў зграбна, з падскокам круцiцца i смешна кружыцца, усмiхаючыся, нiбы перад гледачамi, кланяўся i вiтаўся, выгiнаў рукi, згiнаў сваё маленькае лялечнае цела, пасылаючы ў паветра далiкатныя вiтаннi, кранальныя i смешныя адначасова.
