Часта ён адчуваў на сабе пяшчоту, што iшла ад iх, i хоць ён верыў у сваю непахiснасць, яго бязмерна злавала гэтая патрэба кахаць, якая заўсёды ў iх хавалася.

На яго думку, Бог стварыў жанчыну толькi на тое, каб спакушаць мужчыну i ўсяляк выпрабоўваць яго. Наблiжацца да яе можна было толькi з незвычайнай асцярогай, каб не трапiць у пастку. Ды яна i папраўдзе была сама як пастка, з выцягнутымi для абдымкаў рукамi i гатовымi для пацалунка вуснамi.

Ён рабiў выключэнне толькi манашкам, бо iх зарок цнатлiвасцi рабiў iх няшкоднымi. Але ён усё адно ставiўся да iх сурова, бо заўсёды адчуваў, што недзе ў глыбiнi iх скаванай душы, у iх пакорлiвым сэрцы жыве гэтая адвечная пяшчота, якая прызначаецца таксама i яму, хоць ён i святар.

Гэтую пяшчоту ён адчуваў у iх позiрках, прасякнутых большай, чым у манахаў, набожнасцю, у iх малельным экстазе, у якiм было нешта жаноцкае, у парывах любовi да Хрыста, што абуралi яго, бо гэта было жаночае каханне, каханне цела. Ён адчуваў гэтую праклятую пяшчоту нават у iх пакорлiвасцi, у мяккасцi голасу, у апушчаных долу вачах i ў iх маўклiвым плачы, калi ён надта сурова iх дакараў.

I таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану i шпарка iшоў, быццам уцякаючы ад небяспекi.

Абат меў пляменнiцу, якая разам з мацi жыла ў суседнiм дамку. Ён настойлiва дамагаўся, каб яна сталася мiласэрнай сястрой.

Яна была прыгожанькая, легкадумная i смяшлiвая. Калi абат павучаў яе, яна смяялася, а калi злаваўся на яе, яна кiдалася яго цалаваць, прыцiскаючы да грудзей, i ён мiмаволi стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбiнi душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.

Часам, iдучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала i глядзела на неба, на зёлкi, на кветкi; у вачах яе адбiвалася радасць жыцця. Часам яна кiдалася за матыльком i, прынёсшы яго, шчабятала: "Глядзiце, дзядзечка, якi ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!" I гэтая патрэба пацалаваць матылька цi кветачку бэзу непакоiла, раздражняла, абурала святара - ён i тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоiцца ў жаночым сэрцы.



2 из 6