
Завостраны нос i такiя ж плечы ў рудой кофтачцы, вельмi падобнай (каб толькi не колер iншы!) на тую, што вiсела на двары. Самаробная, звязаная з нiтак. Спушчаныя шчыльна вейкi цёмнага колеру, i было ўражанне, што з-пад iх глядзяць i сочаць за ўсiм вочы. Зусiм яшчэ дзiця была гэтая нябожчыца. Год пятнаццацi цi чатырнаццацi дзяўчына сядзела каля гэтай нябожчыцы ў галавах i глядзела на чатырох, што ўвайшлi ў хату. Позiрк яе быў спакойны i ўраўнаважаны, ён як бы гаварыў: няхай вас увойдзе сюды хоць сто чатыры, нiчога на свеце ад гэтага не зменiцца. Валасы на яе галаве былi густыя i цемнаватыя, лоб высокi, выпраўка бадзёрая, i ў вачах веданне нейкага вялiкага сэнсу. I гэтая была ў сiняй паркалёвай спаднiцы i ў самаробным кафтанiку з ваўняных нiтак, толькi ўжо вiшнёвага колеру. Твар у гэтай быў як вытачаны, з пэўнымi цвёрдымi рысамi, i ў сцiснутых губах вызначалася адлюстраванне таго, што хутка ўжо тут усталюецца натура. Адна рыса iшла цераз увесь твар i перакрывала сабою ўсё: як бы ўсё гэтай дзяўчынцы здавалася звыклым i нiчога дзiўнага нiдзе. На свеце няма з чаго дзiвiцца, бо ўсё такое, якое яно ёсць.
З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлi той, з адкiнутымi назад валасамi, i, схiлiўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкi. Тое, што ўвайшлi ў хату i стукалi нагамi, не падняло яго з калень. Ён i не зварухнуўся. Не зварухнулася i дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабiў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека i далiкатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзiў яго па галаве. Цiха ён сказаў:
- Труна гатова.
Чалавек падняўся з калень i ўтрапёным позiркам азiрнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялi ля парога i маўчалi. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:
- Мы прыйшлi па чыгуны.
Чалавек перасмыкнуў сцiснутымi губамi i сказаў да дзяўчыны:
- Ганна, дай людзям чыгуны.
Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялiкiя чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму i роўным тонам сказаў да ўсiх: