Лес той быў густы i стары. Хвоя выносiлася стромка ў неба. Дуб расцiскаў голлем сабе прастору. Пракiдаўся граб. Пад навiссю дрэва каляiнiстыя дарогi расплылiся пад дажджамi i так асталiся. Па iх тут цяпер нiхто не ездзiў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогi, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асiны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка i жвава ён ускiнуў галаву, як толькi пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылi, рысы твару набылi рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават i з-пад неахайнага шчацiння. Ён даўно не галiўся i можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на iм. Рухавасць i бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькi пачуў ён рыканне жывёлiны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухлiны i застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяцiлiся надзеяй i чаканнем.

Бровы ў яго сыходзiлiся дугамi i тонкiя губы сцiскалiся, калi ўвага яго да якога-небудзь шоргату лiстка аб мерзлую кару даходзiла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа i так. Але аднак жа сцiснутыя губы ўздрыгвалi. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што каранiлiся ў душы гэтага чалавека? Як бы там нi было, заўважалася ў iм яшчэ i шпаркае шуканне чагосьцi вачыма. Вочы, вялiкiя i шэрыя, не мелi спакою ўвесь час. Каля вачэй збiралiся густа рысы ўважлiвасцi i да ўсяго навакольнага, i да таго, што рабiлася ў самiм чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчацiннем i куродымам твар белы i з рэдкiмi вяснушкамi.



2 из 66