
- Гаспадар, - сказаў самы маладзейшы да Ганусiнага бацькi, - я ледзьве стаю на нагах. Я баюся, што ўпаду. Я пайду хоць лягу на падлозе.
- Iдзi i кладзiся, але не на падлогу, а на печы прымасцiся, калi яны яшчэ там не занялi месца. Спяшайся. Або на лаву дзе. Там у хаце, памiж печы i кутом, дзе стаяла труна, абмацаеш цi ўбачыш дзверы. Адчынi iх i ўвойдзеш у халодны пакой. Там ляжаць на стале чыстыя лахманы, бяры iх сабе на пасцель.
Малады шпарка пайшоў. Ясна ноч стаяла ў самай сваёй глыбiнi. Гануся, бацька i той, што рабiў труну, паволi засыпалi магiлу. Бацька стаў на каленi, а за iм i астатнiя. Кожны дакрануўся лбом да свежай зямлi. Пасля, цiха гаворачы, пайшлi.
- Каб ведаць, што гэта за людзi, - сказаў той, што рабiў труну.
Спакойным тонам знаўцы таго, што робiцца на свеце, Гануся адказала:
- Кожны з iх ратуе сябе.
Бацька яе сказаў:
- Два з iх немцы, адзiн беларус, а чацверты паляк.
- Вы не памыляецеся? - сказаў той, што рабiў труну.
- Мой бацька ў такiх справах не можа памылiцца, - сказала Гануся. - Ён з гаворкi пазнае, з якой нацыi хто.
Ганусiн голас не быў спакойны, хоць i было ў iм крыху разважлiвасцi. Утрапенне не пакiдала яе. Утраiх увайшлi яны ў сенцы i ўбачылi, што бычынае мяса, вялiкiмi мерзлымi кавалкамi, ужо ляжала тут, на зямлi. Вiдаць, што чатыры бадзякi ўжо асталёўвалiся тут. У хаце ж яны ўжо гаспадарылi. Ужо ў печы гарэў агонь, i зноў у чыгунах варылася мяса. Водсвет з печы падаў на сцяну i асвечваў хату. Свечкi ўжо не было. Усе ўчатырох стаялi пасярод хаты ў нейкiм як бы ўзбуджэннi. Маладзейшы трымаў пад пахаю нейкую старую вопратку, а той, што быў у летнiм пiнжаку, дапытваў яго:
- Хто табе сказаў, што там у пакоi ляжыць адзежа? Ты ўжо з гаспадаром паспеў пасябраваць без нас? Давай!
- На! - адказаў малады. - Бяры.
Той узяў старую вопратку, адразу палез з ею на печ i адразу там умасцiўся ляжаць. Самы старэйшы падышоў да печы i адразу задрамаў, стоячы пры агнi.
