
Але калi ўсе тыя мелi на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць iмкнення i прагi, то ў гэтага толькi адна рыса панавала над усiм. Гэта - абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй i нерухомых губ i сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзiў у абсалютны спакой i нават не межаваўся з iм. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа i ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль якi цi прыдушаны смутак. I паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. I гэтае бязвер'е i было яго тым жарам, што дзесьцi яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ i суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калi так, то холад яго твару мог быць толькi з'явай гэтай гадзiны цi гэтых дзён i нiяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага i невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, i момантны бляск, не тое што радасцi, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькi на момант. Так ужо ўкаранiлася ў iм безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала iм. А хто ведае, цi не быў гэты ў кажуху якi-небудзь яго блiзкi друг, калi iскра ўзбуджанасцi на момант прабiла холад яго твару, як толькi ён яго ўбачыў.
Панавала цiшыня i напружанасць. Усе чакалi. Той малады ў лёгкiм пiнжаку тросся з холаду, сцiскаючы ў кулаку тронак вялiкага фiнскага нажа. Тоўсты ў кажуху да кален кiдаў вачыма па ўсiх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабiць яму зло. Самы маладзейшы, зусiм малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскiм адзеннi таксама абводзiў вачыма ўсiх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе i трымаў позiрк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруцiны i безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснiкаў.
- Дык што ж, - сказаў раптам шпаркiм тэмпам таўсматы, i вочы яго як бы мiргнулi, - нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.