
Мы ўтрох глядзелi на яго, бо ён быў - жывы. Усе яго рухi, усе клопаты усё гэта было жывое; ён тросся ад холаду ў гэтым склепе, як мусiў бы трэсцiся любы жывы чалавек; у яго было добра наетае, паслухмянае яму цела. А мы - мы ўжо не адчувалi сваiх цел, ва ўсякiм выпадку, калi i адчувалi, то ўжо зусiм не так, як адчуваў ён. Мне рупiла памацаць сабе нагавiцы памiж ног, але я не адважваўся; я глядзеў на бельгiйца, якi сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, - ён быў гаспадар сваiм мышцам, ён мог думаць пра заўтра. А мы - мы былi адно бяскроўныя ценi; мы глядзелi на яго i, як ваўкалакi, смакталi вачыма яго жыццё.
Урэшце бельгiец падышоў да малога Хуана. Цi ён хацеў памацаць яму патылiцу дзеля нейкай сваёй прафесiйнай цiкавасцi, цi проста паддаўся спагадзе? Калi гэта была спагада, то яна прачнулася ў iм першы i адзiны раз за ўсю ноч. Ён ласкава правёў малому рукой па галаве i патылiцы. Хуан моўчкi глядзеў, як той яго гладзiць, не зводзячы з бельгiйца вачэй. Потым раптам схапiў яго за руку i неяк дзiўна ўтаропiўся на яе. Ён сцiскаў бельгiйцаву руку абедзвюма сваiмi лапамi, i ад падобнага параўнання глядзець на iх было яшчэ больш непрыемна яны нагадвалi дзве шэрыя клюшнi, у якiх ушчамiлася пульхная ружовая ручка. Я падазраваў, што зараз адбудзецца, i Том, вiдаць, падазраваў таксама, але бельгiец прымаў усё гэта за гарачы Хуанаў парыў i толькi па-бацькоўску ўсмiхаўся. I тут малы падняў яго ружовую руку да рота i хацеў ужо ўкусiць, але бельгiец паспеў рэзка вырвацца i, спатыкаючыся, адступiў да сцяны. Нейкую секунду ён глядзеў на нас з жахам; мусiць, толькi цяпер ён усвядомiў, што мы такiя самыя людзi. Я зарагатаў - так, што адзiн наглядчык нават падскочыў. Другi па-ранейшаму спаў, вочы ў яго былi шырока расплюшчаныя, i мiж павекаў былi вiдны толькi белыя вiрлы.
Я адчуваў сябе стомленым i адначасова ўзбуджаным да астатняй ступенi. Я не хацеў болей думаць пра тое, што адбудзецца на свiтанку, не хацеў думаць пра смерць.
