Тры днi i тры ночы Тоня не пакiдаў работы. Можна сказаць, ён i не спаў гэты час. Так не стараўся ён некалi i каля мураванага скляпка. Вочы яго свяцiлi добра, i ён спрытна вычэсваў i выгаблёўваў дрэва. Адвячоркам, скончыўшы работу, калгаснiкi сыходзiлiся глядзець, цi сапраўды будзе зараз гатова малатарня. Кожны бедаваў, што работа можа зацягнуцца. Многа людзей з надзеяй паглядалi на Тоню - калi зробiць, то вельмi будзе добра, выратуе ўсiх.

Позна ўвечары трэцяга дня месяц стаяў над паплаўным туманам. Тоню хацелася выйсцi туды, на агароды, цераз гэтыя шырока расчыненыя дзверы: агародамi вяла найкарацейшая сцежка дадому. Газа ў лямпе выгарвала. Кнот пагарэў i куродымеў. Гэта вельмi вялiкая работа стомленаму чалавеку - iсцi браць з кута бляшанку з газай, налiваць у лямпу, закручваць. Няхай тухне!

У той якраз момант, як патухла лямпа, Тоня Базылькевiч, разглядаючы пры месячным святле кола над шасцярнёй, стаў на лескi, прыставiў i ўвагнаў абухам апошнi кулак. Малатарня гатова!

Нiколi яшчэ не было такой радасцi. Цяпер можна з гонарам заявiць усiм людзям. Заўтра ўсе ўбачаць.

Ледзьве цягнучы ад стомы ногi, Тоня павалокся сцежкай дадому. Здалёк была вiдна ад двара сцяна Насцiнай хаты.

"Можна i праз Насцiн двор прайсцi. Там выйду на вулiцу, а там i дадому".

У Насцiным двары ён спынiўся.

"Можа, зайсцi? Цяпер жа ў мяне мянушкi няма. I яе iмя цяпер не мянушка, а iмя, сапраўднае, чалавечае".

Ён увайшоў у хату.

- Скончыў, гатова! - сказаў ён замест "добры вечар". - Ледзьве ногi валаку. От бо працы было! Смага мяне мучыць.

- Пачакай, братка, садзiся. У мяне квас на вiшнях. Я табе зараз...

Насця хапiла збанок i выскачыла ў сенцы.

- Рукi памыць, цi што, - сказаў Тоня i з конаўкай вады выйшаў на двор.

Туман плыў над агародамi, паплавамi, цераз платы i садавыя дрэвы. Месяц стаяў высока.

- На ручнiк, - зашаптала Насця.



16 из 17