Доктар пазнаў Тоню, але гэта мала памагло справе: усё адно цана была загароджана здаравенная. Тоня паспрабаваў як умеў далiкатна i лiслiва патаргавацца. Але тут жа ўбачыў, што гэта яму не перакупшчык, i змоўк. Доктар даў яму чагосьцi выпiць i сказаў прыехаць праз дзён пяць, а пакуль што ляжаць у пасцелi.

Тоня Базылькевiч пяць дзён скардзiўся на боль у жываце - i сапраўды яму, небараку, прыйшлося крута. З сям'i яго была толькi сястра, i яна цiхом плакала, шкадуючы брата.

Людзi пайшлi ў салдаты, а Тоня астаўся правiцца. На шосты дзень сястра завезла яго да таго самага доктара i там пакiнула. Доктар паклаў яго ў сваю ўласную бальнiцу i сказаў:

- Можна баранiцца ад салдат вачыма, жыватом, грудзьмi - чым хочаш. Выбiрай, толькi не марудзь, мне часу няма.

Тоня падумаў: зачапi жывот, то працаваць не будзе як. З папсаванымi грудзьмi таксама доўга не пацягнеш. I ён выбраў вочы. Вочы ўдалiся добра, можа, нават больш як трэба. Тоня пачуў ад доктара:

- Цяпер у салдаты не пойдзеш. Бачыш няважна, але, як скончыцца вайна, я табе гэтыя вочы зноў пастаўлю на месца.

Стала i глыбакадумна Тоня Базылькевiч явiўся дадому i зноў узяўся за перарваную няшчасцем работу. Бачыў ён цяпер толькi зблiзку, здалёк усё было як у тумане. З сенечнага парога ён зусiм не бачыў новага слупа, пастаўленага ў агароднай агароджы; да яго трэба было прырабiць брамку. Апанованы страшэнным смуткам, Тоня пайшоў у той бок, дзе стаяў слуп. Свiннi пакорпалi навокал зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Хлеў быў адчынен, i там было пуста - карова пайшла ў перакупшчыцкiя рукi, а грошы за яе ўзяў доктар. Усё, што было набыта такой упартай працай, пайшло марна. Праўда, Тоня Базылькевiч не ў салдатах, не на вайне, але затое - i набытку няма, i вочы не свецяць.



2 из 17