Мы стамiлiся перадаваць у лiстох i па тэлефоне прывiтаньнi людзям, якiя ўдзень i ўначы самааддана захоўваюць таямнiцу нашага лiставаньня й тэлефонных перамоваў.

Мы стамiлiся глядзець на аточаны чорнымi "Волгамi" й аздоблены гранiтам гмах, ведаючы, што цераз вулiцу ад яго гараць i гнiюць у сутарэньнях кнiгi нашае галоўнае бiблiятэкi.

Мы стамiлiся чытаць i слухаць прамовы чалавека, якi, рыхтуючыся да сустрэчы сваiх маскоўскiх гаспадароў на нейкiм сэмiнары, загадаў да лёзунгу "Человек - это звучит гордо" прымаляваць на пачатку слова "советский".

Мы стамiлiся ад таго, што нашай эканомiкай кiруюць фiзкультурнiкi, культураю - сантэхнiкi, а ўсiм разам - спэцыялiсты па сьвiнагадоўчых комплексах.

Мы стамiлiся ўскладаць кветкi да помнiкаў тым, хто павёў нас у сьветлае заўтра, дзе, на жаль, не давялося жыць iм самiм.

Мы стамiлiся чакаць, калi збудуюць помнiкi тым, хто баранiў нашую зямлю, а ня тым, хто аддаваў Беларусь немцам на перамовах у Берасьцi й па жывым рэзаў яе напалам на перамовах у Рызе.

Мы стамiлiся чытаць газэты, першыя словы якiх 70 гадоў палохаюць сьвет заклiкам зьяднаць пралетарыяў усiх краiн, як быццам невядома, што атрымалася ў адной асобна ўзятай.

Мы стамiлiся есьцi ўмоўна чыстую ежу.

Мы стамiлiся чытаць умоўна праўдзiвую "Праўду".

Мы стамiлiся жыць ва ўмоўна дэмакратычнай дзяржаве.

Мы стамiлiся быць умоўна роўнымi.

Мы стамiлiся быць умоўна вольнымi.

Мы стамiлiся быць умоўна жывымi.

Вы чуеце?

Мы стамiлiся...

Травень, 1990 г.



2 из 2