
На гэты бок, не вельмi далёка - голы ўжо дубовы лес i пры iм, як клешч пры вялiкiм целе, - малады бярэзнiк.
На беразе пуста.
Адзiнокi паром трасецца на вадзе, шморгаючы аб пусты, звiты ў некалькi столак дрот, працягнуты цераз рэчку, з аднаго берага на другi. Каля будкi валяецца некалькi паленняў дроў, куча лому i каля яе патухшае вогнiшча...
Паромшчык Амелька Вiлач не вылазiць з свае будкi - рад, што перавозiць некага: гэтакаю пагодаю мала хто ездзiць i ходзiць.
Яму пяцьдзесят год. Цвёрдыя вусы яго канцамi сваiмi растуць унiз i закрываюць рот. Мяккая, махнаценькая "папоўская" шапка яго заўсёды ссунута на патылiцу, адкрываючы шырокi лоб i даючы твару яго такi выгляд, як бы ён на доўгi час збiраецца падняць сваю галаву ўгару i чорнымi вачыма сваiмi пiльна ўглядацца ва ўсё тое, што робiцца вакол.
Нiзка стрыжаныя валасы яго каля вушэй чуць-чуць серабрацца сiвiзной.
На iм кароткая цвёрдая жакетка з тоўстага гаспадарчага сукна, саматканыя порткi з вузкiмi чорнымi палоскамi, уздоўж па шэрым, i боты з нiзенькiмi халявамi i падковамi.
Сягоння ён вясёлы.
Атрымаўшы ўчора ў iспалкоме месячную пенсiю за сваю службу пры пароме, ён начаваў гэтую ноч дома - у вёсцы, на той бок лесу, вёрст дзве ад парому.
Прыйшоў ён сюды ранiцаю, як яшчэ было цёмна, i свайго васемнаццацiгадовага сына Мiхася, якi быў пры пароме замест яго, застаў стаячым пры самай вадзе.
- Ты чаго ў будку не лезеш? - запытаў ён яго.
- Толькi што прыйшоў, - адказаў той весела.
- А дзе ж ты быў?
- На тым баку, у Хартонаўцы.
- Чаго?!
- Там камсамольцы нашы спектакль ставiлi, iшлi вечарам, я iх перавёз i сам пайшоў з iмi.
- А паром на каго пакiнуў?!
У голасе бацькi пачуўся нейкi страх.
- Нi на каго. Прывязаў на тым боку i пайшоў. Якi тут чорт, думаю сабе, паедзе гэтакiм лiхалеццем.
