Жанчыне нават стала дзiўна, як гэта яна не прадбачыла, што яе могуць абвiнавацiць, зняславiць. Пасля горкiх калючых слоў Петрачэнкава было ясна, што людзi не даруюць ёй гэтай блiзкасцi да Пархомава, але зноў жа - у чым была яе вiна, Фрузына так i не магла зразумець. Хiба яна дабiвалася чаго, хiба на што благое падбiвала Пархомава, хiба чаго злачыннага жадала ад яго?

Нейкi агiдны цень запаў у яе душу, i жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вiнавацiць - сябе цi Пархомава, - ад гэтага было вельмi тлумна i прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара i, так i не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго i завошта, цiха паплакала, iдучы дадому.

На другi ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлi i баязлiва чакала дзевяцi гадзiн, калi пачнуць зыходзiцца людзi. Першы, як, бадай, заўсёды, з'явiўся iнжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногi i кiнуў ей:

- Прывет! Ну што? Як жысць?

Яна нешта новае ўлавiла ў яго тоне i насцярожылася, сцiснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасцi. I ён не замарудзiў - выпалiў цi то жартам, цi ўсур'ёз, бы пра якую дробязную справу:

- Кажуць, ты ўжо гэтае самае... жанiха знайшла. I недалёка, толькi сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.

Сiгаючы цераз прыступкi, ён узнiмаўся па лесвiцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хiснулася столь, скрывiлiся калоны - ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхiнуўшыся да падаконнiка, i ўжо амаль не прыкмячала i не вiталася нi з кiм - нi з Iванам Кузьмiчом, якi нават не зiрнуў у яе бок, нi з Петрачэнкавым, якi сёння чамусьцi ўважлiва агледзеў яе халодным позiркам бялёсых вачэй, нi з Нонкай, якая падкрэслена ветлiва i са смяшынкай у вачах павiталася з ёю. Фрузыне было вельмi крыўдна i на сябе, i на людзей, i на ўвесь белы свет.

Увечары таго дня вярнуўся з камандзiроўкi Пархомаў.

Праз акно пад лесвiцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калi ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, i яе сэрца зноў, як некалi, у час яго першага прыходу, нязладна забiлася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынiлася ля акна, пачакала трохi, пакуль ён уладкуецца з машынай, i пасля, з намаганнем перастаўляючы ногi, пайшла да варот.



18 из 30