
Жанчын ва ўстанове працавала нямнога, i сярод iх самай прыкметнай была Нонка, маладая жонка немаладога i несiмпатычнага намеснiка дырэктара Дубчанкi. Зранку, калi пачыналi рыпаць дзверы, яна чутна была яшчэ здалёк, яшчэ з вулiцы, калi, дробна тупаючы абцасiкамi па шматлiкiх прыступках, узбягала на ганак. Маладзiца ўмела спрытна шмыгнуць у дзверы, здаецца, амаль не расчыняючы iх, заўсёды спазнялася, заўсёды спяшалася, але нiколi не прамiнала ветлiва ўсмiхнуцца вахцёрцы. Фрузына з прытоеным замiлаваннем глядзела ўслед: Нонка падабалася ёй, падабалася, як малодшая сястра, як прывабная i недасяжная жаночая прыгажосць.
Яшчэ нешта прыхiльнае ў сэрцы вахцёркi было да iнжынера Шаўрова простага, вясёлага i гаваркога чалавека. Зранку ў гэтым вестыбюлi ён звычайна з'яўляўся першы, бо жыў тут недалёка, за рагом ля аўтобуснага прыпынку. Па-гаспадарску прыстукнуўшы дзвярыма i выцiраючы аб дарожку падэшвы, ён жартоўна кiдаў жанчыне:
- Прывет, Фруза! Як жысць маладая?
Яна стрымана ўсмiхалася, сарамлiва, па-дзявочы азiрала яго паўнаватую, у шэрым гарнiтуры, постаць i апускала вочы. Здавалася Фрузыне, што iнжынер бачыў у ёй нешта патаемнае, захаванае, у чым яна неахвотна прызнавалася нават самой сабе, i ад таго ёй рабiлася няёмка.
- Не смуткуй вельмi - не бяда. Вось падшукаем табе жанiха, адгрукаем вяселле, i будзеш жыць-пажываць ды дзяцей нажываць, - казаў ён, узбягаючы па прыступках, азiраючыся i заўзята смеючыся шэрымi жвавымi вачыма.
Фрузына апускала вочы, разгладжвала на каленях спаднiцу, а потым уздыхала i доўга пазiрала ў акно.
