У раддоме ёй было добра. Праўда, з дванаццацi гадзiн, калi ў калiдоры пачыналi бегаць санiтаркi, носячы перадачы, выклiкаючы парадзiх, яна адчувала цьмяны неспакой у душы. На ўсiх тумбачках у палаце ў спецыяльна прыгатаваных на тое вазах стракацелi кветкi, яе ж ваза стаяла пустая. Праўда, кветкi, розныя прысмакi зусiм не патрэбны былi жанчыне i нiчуць не турбавалi яе, вось хiба толькi людскiя вочы... Ад людзей цяжка ўтаiць, што ў сваей душы, суседкi ў палаце i сестры, вiдаць, разумелi ўсё, але маўчалi, не распытвалi, i яна за гэта была вельмi ўдзячна iм.

Але яна нiяк не магла пагасiць у сабе ўсё болей агартаўшай яе трывогi. Ёй прыгадаўся даўнi выпадак, што адбыўся некалi ў яе роднай вёсцы. То былi цяжкiя часы, калi толькi што скончылася вайна i з франтоў вярталiся салдаты. Усе, у каго хто-небудзь быў у войску, чакалi служывых, адна толькi Галена, маладая салдатка, не чакала свайго Яўхiма, якi ў шаснаццатым годзе склаў сваю галаву ў невядомай далёкай Галiцыi. Даведаўшыся аб тым страшным здарэннi, Галена дзён колькi несуцешна галасiла на ўсю вёску, а пасля запрагла буланага i паехала араць свой надзел.

Фрузына была тады зусiм маленькай дзяўчынкай, у ворыва насiла бацьку на поле яду i ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзiца так мала арэ, а ўсё сядзiць у баразне ля плуга i плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоiлася, павесялела, а яшчэ праз нейкi час нарадзiла маленькую крыклiвую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзiне - яна тады з другiмi дзецьмi не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзiлася без бацькi. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб iм з'едлiва i абразлiва гаварылi мужчыны, бабы i нават дзецi. Пасля здарылася такое, што страшна нават i ўспамiнаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напiўшыся на нейкае свята, да паўсмерцi пабiў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй i памерла, i нiхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалi на краi могiлак, i яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалi ёю палохаць дзяцей.



24 из 30