
- Шу-шу-шу, - зашапялявiў званец (гэта смех яго такi), - змый наўперад пясок са свайго рыла, тады пазiрай на сонейка.
- Яно тут фанабэрыi панабралася, усiх адцiснуць хоча i заняць чужое месца, - шаптала знiзу трава-драбяза.
Слова не сказала Жытцо на такую знявагу. I што ты адзiн зробiш процi ўсiх? А хiба жыта не ўмее цярпець?
Якая ж другая раслiна зазнае такога гора, як жыта? I яно цярпела, толькi сэрца ледзьве-ледзьве магло стрываць, каб не разарвацца ад жалю - так многа сабралася яго.
Хоць бы было з кiм пагаманiць, слова прамовiць, разважыць сваю тугу, думкi паганыя разагнаць, - усё ж было б лягчэй. I толькi той пойме, як цяжка было гэтаму Калiву ў лузе, хто сам многа перажыў, многа меў у сэрцы горкiх думак, якiмi не з кiм было падзялiцца.
Але мiнулiся веснавыя днi. У пагодзе зрабiлася вялiкая змена; пачалася суш. Заныў луг, пажаўцелi груды, цяжкiя пачалiся часы. Рыжыя мурашкi хадзiлi, як непрытомныя, не ведаючы, за што ўзяцца; пчолкi, чмелiкi званiлi яшчэ жудасней, яшчэ нудней, пралятаючы над лугам i не знаходзячы сабе пажытку, толькi аваднi i сляпцы красавалiся i паганым звонам рэзалi сэрца. Конiкi пазмаўкалi i толькi вечарамi распачыналi сваю жальбу.
Травы сохлi i жоўклi, прыгожыя краскi тужлiва хiлiлi свае зграбныя галоўкi, дарэмна шукаючы цяньку, i сохлi без часу. Глухi шум, нараканне пайшлi па лузе, трывожна гаварыў луг пад гарачым ветрам. Пачалi травы i краскi судзiць-разважаць, вышукваць прычыны такога няшчасця. Адзiн казаў тое, другi другое, - i ўсе шумелi, нiхто не слухаў нiкога, i толку нiякага не дабiлiся.
- Спытайма хiба ў ручайка: ён самы мудры на лузе, - урэшце параiў чарот.
I праўда, ручаёк тут быў самы старэйшы i болей ад усiх ведаў жыццё. Стаяў тут таксама i стары дуб, але сам ён прызнаваўся, што i дзед яго не памятае такога часу, калi б у лузе не было ручайка. Прыйшлi да ручайка травы-пасланцы, бухнулi ў ногi яму - няшчасце навучыць гнуць голавы. "Так i так, - кажуць, навучы, што рабiць, дай ты нам раду".
