- I куды гэта паплывём мы сёння? - пытаецца другая, павiсшы ў небе вельмi прыгожымi завiтушкамi. - Мяне гэта надзвычайна цiкавiць, i ў гэтым гаданнi, калi хочаце, ёсць пэўная асалода.

- Што да мяне, - азвалася трэцяя, - то я хацела б унь туды - пайсцi следам за гэтым блiскучым срэбрам вады, што паблiсквае з-пад зялёных шатаў купчастых алешын.

- Ах, мiлыя, куды нi пойдзеш, усюды будзе добра, - заўважыла яшчэ адна хмарка.

- Я толькi не люблю гэтых пустак i гэтых жоўтых пяскоў, бо сярод iх так аднастайна i так непрытульна, i калi мне здараецца праходзiць над iмi, то я стараюся знiкнуць або зусiм не глядзець на iх, каб не бачыць убоства iх, зазначыла папялястая хмарка.

- Хутчэй, хутчэй бы ў дарогу! - загаманiла хорам цэлая чародка хмарак. - I дзе гэта падзеўся вецер? Ужо сонца стаiць над лесам, пара б нам i рушыцца.

- Пастойце, родныя, не спяшайцеся, - пачуўся новы голас, i голас iшоў знiзу. Адна хмарка стаяла нiжэй. На яе падалi ценi ад тых, што стаялi значна вышэй, i гэтыя ценi надавалi ёй досыць пануры выгляд.

- А чаго стаяць? - з нецярплiвасцю адказалi ёй i дадалi: - Усякае стаянне на месцы пераходзiць у звычайны застой. А ў застоi хiба можа быць якi сэнс? Сэнс нашага жыцця - несупынны рух.

- Але, несупынны рух, - пацвердзiлi i ўсе iншыя хмаркi.

- Вы занадта адарваныя ад зямлi, бо далёка стаiцё ад яе, i таму ў вас няправiльны погляд на сваё прызначэнне, - адказала цёмная хмарка, - вось чаму я i кажу: не спяшайцеся. Чаму? Бо трэба зрабiць, гаворачы моваю вучоных, рэвiзiю нашага погляду на рэчы i на сваё прызначэнне.

- Iншага прызначэння мы не ведаем. Прызначэнне ў нас адно - вечны рух, вечны пераход з аднаго месца на другое, з аднаго краю ў iншыя краi, i так да сканчэння свету.

- А я думаю, што гэта мала. Спусцiцеся нiжэй, бо на вашай высачынi вам не чуцен голас зямлi.

I мiж iмi завялася гарачая спрэчка, i ў ёй быў заглушан голас зямлi.



2 из 5