
- Выдатна, - разгублена прамовiў Люсьен.
- Я раблю iх па новай тэхнiцы, - абыякавым тонам сказаў Берлiяк, "аўтаматычнае напiсанне".
Праз некалькi дзён пасля гэтага ў Люсьена ўзнiкла жгучае жаданне памерцi, i ён вырашыў параiцца з Берлiякам.
- Што мне рабiць, - спытаў ён, выклаўшы ўсе абставiны.
Берлiяк слухаў вельмi ўважлiва; у яго была паскудная звычка абсмоктваць палец i мазаць слiнаю скулле на твары - так, што аблiчча нарэшце пачынала блiшчаць там i сям, як дарога пасля дажджу.
- Рабi як хочаш, - урэшце адказаў ён, - гэта не мае нiякага значэння, потым падумаў яшчэ i дадаў, нацiскаючы на кожнае слова: -Нiчога нiколi не мае нiякага значэння.
Люсьен быў крыху расчараваны, але зразумеў, што Берлiяк глыбока ўзрушаны, бо ў наступны чацвер той запрасiў яго павячэраць да сваёй мацi. Панi Берлiяк была вельмi ласкавая, на левай шчацэ ў яе было колькi бародавак i сiнiх радзiмак.
- Разумееш, - сказаў Берлiяк, - сапраўдныя ахвяры вайны - гэта мы.
Люсьен падзяляў яго думку, i яны пагадзiлiся, што належаць да пакутнiцкага пакалення. Дзень пагасаў, Берлiяк, падаткнуўшы пад голаў скрыжаваныя рукi, ляжаў на канапе. Яны палiлi ангельскiя цыгарэты i круцiлi на грамафоне пласцiнкi. Люсьен пачуў песнi Софi Такер i Ола Джонсана. Iх агарнула мяккая меланхолiя, i Люсьен падумаў, што Берлiяк яго найлепшы сябар. Раптам Берлiяк спытаў, цi ведае ён штось пра псiхааналiз, голас у яго гучаў вельмi сур'ёзна, i ў поглядзе адчувалася важнасць.
