Сцены замест шпалераў былi спрэс абклееныя лiстамi, у якiх паведамлялася пра смерць сюррэалiста Бержэра. Нягледзячы на гэта, кватэра пакiдала ўражанне разумнага камфорту, i Люсьену падабалася часам паляжаць на мяккай канапе ў палiльным пакоi. Але больш за ўсё яго здзiўляла мноства фацэцiй з падвохам, якiя былi сабраны ў Бержэра на адной этажэрцы; сярод iх былi замерзлая вадкасць, чхальны парашок, зудлiвая шчэць, нятонучы цукар, д'ябальскае дзярмо, нявесцiны падвязкi. Размаўляючы з Люсьенам, Бержэр браў дзярмо двума пальцамi i доўга, сур'ёзна яго разглядаў.

- Гэтыя жарты, - казаў ён, - маюць рэвалюцыйную сутнасць; яны хвалююць. У iх больш зруйнавальнай сiлы, чым у Поўным зборы твораў Ленiна.

Люсьен здзiўлена i зачаравана глядзеў то на яго прыгожы i неспакойны твар з запалымi вачыма, то на доўгiя i тонкiя пальцы, якiя так грацыёзна трымалi беззаганна зымiтаваны кал. Бержэр часта гутарыў з iм пра Рэмбо i пра "пастаяннае парушэнне пачуццяў".

- Калi вы, праходзячы па плошчы Згоды, здолееце выразна i ў любы час убачыць мурынку, якая, укленчыўшы, ссе абелiск, - вы зможаце нарэшце сказаць, што вам удалося разбурыць знешнi дэкор i вы - уратаваны.

Ён пазычыў яму пачытаць "Азарэннi", "Песнi Мальдарора" i творы маркiза дэ Сада. Люсьен шчыра стараўся ўсё ўразумець, але многае яшчэ не паддавалася яго ўсведамленню. Ён быў вельмi шакаваны, што Рэмбо, як аказалася, педэраст, i прызнаўся ў гэтым Бержэру. Але той рассмяяўся: "Ну i што? Хлопча?" Люсьену зрабiлася вельмi няёмка, ён пачырванеў i на нейкае iмгненне нават адчуў да Бержэра нянавiсць. Але ўрэшце перамог сябе i, падняўшы галаву, са шчыраю прастатой прызнаў:

- Я сказаў глупства.



36 из 86