
- Я яшчэ хоць трохi пасплю...
- Заснеш удзень, а цяпер - ну каго ж я пабуджу.
Хлапчанё заплакала. Ён доўга зацягнуў санлiвым голасам, цягнуў i, мусiць, спаў. Пасля раптам сцiх. Жанчына маўчала.
Я ўстаў i пабудзiў Скабакова.
Я ўвайшоў у хату.
Жанчына рвала на кавалкi старую, зношаную да адных дзiрак сарочку.
- Добры дзень, - сказаў я.
- Добры дзень, - адказала жанчына.
- Дзякуем за начлег, мы ўжо iдзем.
- Iдзiце.
Што мне сказаць яшчэ? I я гавару:
- Няхай хлапчук паспiць яшчэ трохi, няхай гадуецца.
Я адчуваю сябе так, як бы ў чым вiнаваты тут.
- Ну, а што я зраблю, - гаворыць яна раптам, хутка, моцна, - што я зраблю, што я адна параджу. Гаспадара няма, гаспадар ваюе. А сёння мне трэба хоць трохi пачаць авёс жаць, дастаць дзе каня ды хоць возiк жыта прывезцi абаб'ю як-небудзь, хоць пранiкам, а вечарам у жорнах змялю, калi падсохне за дзень на печы, дык назаўтра хлеб рашчыню...
- А каня няма?
- Каня палякi пазаўчора ў абоз пагналi, разам з хлопцам.
- З якiм хлопцам?
- З сынам.
- Вялiкi?
- Малы... Каб вялiкi - я не тужыла б гэтак... А тут малога нiяк не ўзбудзiць карову выгнаць папасвiць. I няма чаго даць яму паснедаць. Накапала ўчора зранку картопель трохi, малыя яшчэ, дык пад вечар салдат накармiла iдуць босыя, галодныя, абарваныя, абшарпаныя... Можа, думаю, i мой там дзе-небудзь небарак...
Яна падышла да ложка.
- Устань, сынок, я табе новыя анучы ад свае старое сарочкi адарвала, каб табе было чым нагу мяккiм абкруцiць. Абуеш Мiколкавы лапцiкi, яны табе велiкаваценькiя, i вольна назе будзе... Устань, сынок.
Яна нагнулася над ложкам.
- Зараз прарваць павiнна.
- Што?
- Нарыў. На тым тыднi яшчэ нагу прабiў на корч, дык нарывае.
I я нагнуўся над ложкам. Хлапчанё спала. На левай назе, каля пальцаў, збоку, была белаватая пухлiна, запэцканая ў гразь.
