Апошнiя зьвесткi, якiя я пра яго маю - з iнтэрвiю ў "Московских новостях". Былы старшыня НФ гаворыць пра "людзей з гумовымi пазваночнiкамi", што прыйшлi на зьмену iнтэлектуалам зь першае хвалi фронту i "атруцiлi народ прымiтыўнай iдэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колiшняй дзяржавы ў абсалюце - грамадзянства, права ўласнасьцi..."

Сёлета я зноў павiншую Дайнiса з Калядамi.

Электрычка грукоча па рыскiм Задзьвiньнi. Недзе тут жыве на вулiцы Талсу перакладчык Талрыд Рулiс - патомны курземец, падобны да невысокага Мэфiстофэля. Ён пераклаў i выдаў па-латыску столькi беларускiх кнiжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за iхным стосам. Раманы Ул. Караткевiча "Каласы пад сярпом тваiм" i "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi" выпусьцiць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылi ў выдавецтвах, Латвii гэткая лiтаратура ня трэба.

У студзенi 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парляманту. Цяпер у кампанii чатырох цi пяцi котачак ён вядзе бiтву за ўраджай на сваiм летнiку.

Цярусiць дождж, пад якiм адбываецца мая разьвiтальная праходка па бульвары Брывiбас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня нiхто не патрабуе тут, як колькi дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова - за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм'ера Годманiса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад мiнiстру замежных спраў Юркансу - за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць "Visо gеrо!" цяперашняму старшынi НФ Латвii летувiсу Ражукасу... Сёньня пiкетчыкi нацыянал-радыкалаў маюць, як i астатнiя грамадзяне, законны выхадны.

На пэроне мне на момант мроiцца, што цягнiк "Рыга-Менск-Гомель" ходзiць ужо толькi ў адным кiрунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта - проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, i Рыга зноў будзе ранейшая.



12 из 13