- Вы памыляецеся, таварыш Ганарарны, - апраўдваўся другi, - тут будзе сама менш пятнаццаць радкоў...

- А калi пусцiць яе на сем квадратаў, ды зрабiць чатыры абзацы, - не ўнiмаўся першы, - дык гэтая ваша заметка страцiць усякую цiкавасць...

"Ну, тут гавораць пра справы службовыя", - падумаў Барыс Iванавiч i перавёў вочы на другi столiк. Там цэлай кампанiяй вырашалася пытанне, дзе i як цяперашнiм светам трэба шукаць жонку, каб яна была самаю настаяшчаю жонкаю, а не лiха ведае чым.

"Ну, гэта народ дробны i адсталы, - падумаў Барыс Iванавiч, - яны аб ролi асобы ў гiсторыi гаварыць не будуць. Для iх гэта недаступна".

I, падумаўшы так, перавёў вочы i вушы зусiм направа. Там, пры самай сцяне, было цемнавата, i загэтым чалавечыя галовы злiвалiся з куфлямi пiва i трудна было ўгадаць - цi то гэта там на адну голаў прыходзiцца дзесяць куфляў, цi на адзiн куфель дзесяць галоў. Барыс Iванавiч прыслухаўся i, пачуўшы ўсяго некалькi галасоў, прыйшоў к пункту погляду, што там на аднаго чалавека прыходзiцца каля дзесяцi куфляў.

- У нашы часы, - чуўся адтуль голас, - рыфма ў вершах нiякай ролi не грае. Я неяк раз гаварыў з старшымi механiкамi па гэтай часцi, дык яны мне гэтае самае сказалi. Так што ты, калi гэта сур'ёзна задумаў узяцца сцiшкi сачыняць, дык звярнi на гэта ўвагу. Я табе раю як прыяцель, якi хоча табе дабра.

- Я гэта, братка, бачу, - пачуўся цiхi i нервовы голас.

"Ну, - махнуў рукою i ўсмiхнуўся Барыс Iванавiч, - не з маiм становiшчам па службе слухаць такiя рэчы. Я чалавек практычны i сталы".

"Ну, значыць, так i не давядзецца, мусiць, даведацца, хто гэта пра гiстарычныя тэмы гаворку разводзiў, - падумаў далей Цэнтразыхер, - а цiкава было б пабачыць сталых людзей. Трэба было б пазнаёмiцца з iмi".

На ўсякi выпадак Барыс Iванавiч падняўся са свайго месца i акiнуў вокам столiкi далей. I раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад iм, за другiм столiкам, сядзелi рэгiстратары папер у яго аддзеле - рэгiстратар уступаючых папер Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк i рэгiстратар выступаючых папер Павал Крамiнадавiч Чыстапiс - абодва пажылыя i сталыя мужчыны з акуратна пастрыжанымi чыноўнiцкiмi бародкамi.



2 из 8