
- Што ж гэта вы лямпы не палiце? А я прыйшла па запалкi, калi багаты. У нас, каб на iх лiха, гэтыя курцы за дзень усе павыцягалi. Не накупляешся на iх, дымакураў.
Тэкля моўчкi слухала i не чула дзявочай гамонкi, у галаве яе плылi маркотныя даўнiя думкi. Неяк няўцямна старая намацала на прыпечку няпоўны карабок запалак, аддала дзяўчыне. Тая ўсё балбатала пра тое ды гэта, а потым, нiбы адчуўшы, як далёка яе размовы ад сэрца жанчыны, змоўкла i, ужо ўзяўшыся за клямку, уздыхнула.
- Не мучцеся вы ўжо. Што ж зробiш? Калi дзе жывы, дык вернецца. А калi не... Калi не, дык трэба забыцца ўжо.
- Цi ж можна забыцца? - пакутлiва адгукнулася Тэкля. - Калi б хоць ведала, што няма, дык лягчэй было б. А так вось... У заўтрашнi дзянёк якраз нарадзiўся ён, перад пакровамi. Нарадзiўся на белы свет, а шчасцейка, вiдаць, не суджана было. Ляжаць можа дзе адны костачкi - ведаць бы хоць, у якой зямельцы - цi ў сваёй, цi - крый божа - у нямецкай.
Дзяўчына няёмка пераступiла ля парога, баючыся, што старая расплачацца i немаведама як тады супакоiць яе матчына гора. Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклi, толькi сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты.
У гэты вечар яна не палiла ў грубцы i не засвяцiла лямпы. Яна ўзлезла на печ, трохi яшчэ цёплую зранку i, накрыўшыся свiткай, скурчылася на ўскрайку. Яна не заснула, ды i не намагалася зрабiць гэта, а ляжала так, не заплюшчваючы вачэй, i ў змроку хаты перад ёй паўставалi даўнiя, але незабыўныя малюнкi.
...Ён нарадзiўся ў гэткi ж, як сёння, ветраны восеньскi дзень - маленькi крыклiвы хлопчык. Бацька толькi што перахварэў на тыф, ужо ўзняўся, хадзiў, але быў яшчэ кволы i слабы. Першы сынок стаў вялiкай уцехай у гэтай крайняй у вёсцы хацiне. Абое з бацькам яны выняньчылi, выхадзiлi яго, радавалiся яго першым крокам i першым словам. Iшоў неўзаметку час, i рос бялявы, цiхмяны хлопчык - ласкавы, велiкалобы, жвавы. У пяць год ён ездзiў з бацькам у поле, на начлег, пасвiў гусi, а потым, калi нарадзiлася Марыська, стаў няньчыць яе. Вучыўся ён добра, на святы прыносiў маленькiя школьныя прэмii: сшыткi, пенал, каляровыя алоўкi. Суседзi хвалiлi сына, i часта матчына сэрца мацней бiлася ад радасцi.
