
Тэкля нерухома слухае, думае сваё i раптам усхоплiваецца ад новай надзеi. А можа, гэта ён, можа, ён са станцыi прыехаў, стаiць цяпер ля роднае хаты, вось-вось увойдзе. Тэкля ўзнiмае голаў, слухае i сапраўды чуе няпэўныя крокi на ганку i цiхi кароткi стук. Ён! Старая ўзнiмаецца на печы, спускаецца i, сцягнуўшы за сабою ватоўку, таропка бразгоча зашчапкай. Яна расчыняе дзверы сенцаў - у твар ёй б'е вiльгаць i холад восеньскай ночы, наўкола цiшыня i цемра. На ганку нiкога, на панадворку змрок. З хвiлiну яна ўзiраецца ў ноч, слухае, i сэрца яе зноў захлынаецца ад роспачы, не хоча нiяк пагадзiцца з крушэннем надзеi. Асцярожна мацаючы ботамi гразкi дол, яна заходзiць за рог, доўга ўглядаецца ў вулiцу - нiдзе нiкога.
Потым яна вяртаецца i зноў ляжыць на печы з расплюшчанымi вачыма i слухае, слухае ўсю ноч. Пад ранак жанчына ўсё ж засынае i нiбы ў працягу сваiх думак бачыць дзiвосны сон.
Бачыць яна: нiбы настае новы, заўтрашнi дзень - дзень нараджэння Васiлькi. Яна нешта завiхаецца на панадворку i ўсё пазiрае на дарогу, чакае i пэўна ведае, што сёння павiнен з'явiцца ён, яе надзея. Жанчына ўсё рыхтуецца да гэтай сустрэчы, але чамусьцi няма радасцi на яе сэрцы ад хуткага спаткання нешта замiнае ёй, гэтай радасцi. Урэшце чаканне сустрэчы i зусiм знiкае. Жанчына палiць у печы, ёй памагае дачушка Марыська. Яны пякуць блiны i мiж справай ласуюцца святочным наедкам, зусiм забыўшыся ўжо пра Васiльку i яго хуткае вяртанне. I раптам суседская Ўльянка стукае i нешта крычыць у акно Тэклi не чутна слоў, але яна здагадваецца, што гэта вяртаецца ён. Старая выбягае з хаты i бачыць, як на той жа дарозе, што i шаснаццаць год назад, iдзе яе сын, яе дарагi Васiлька.
