Незалежнасьць - гэта калi ты будзеш студэнтам i на лекцыi па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, якi вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краiны, нахiнецца да цябе i запытае, што значыць слова "iмавернасьць", i ты па-французку растлумачыш яму.

Незалежнасьць - гэта калi ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад цi вёску твае зямлi, затое табе нiколi не загадаюць фарбаваць траву i прыбiраць тэрыторыю "вот от сюда и до обеда". У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў цi да свае дзяўчыны, затое нiхто не назаве цябе "бульбашом", а твайго сябра - "черножопым" за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, i выдатнiкi баявой i палiтычнай падрыхтоўкi ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкi рабiць табе "велосипед", i табе нiколi не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку цi ў Тбiлiсi.

Незалежнасьць - гэта калi твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, i ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'яце кавы насупраць палацу Шонбрун, i ведаеш, што перад вашай вандроўкаю нiхто не будзе высьвятляць у цябе, цi быў ты ў дзяцiнстве жыдом, а таксама, цi быў ты раней за мяжою i калi вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.

Незалежнасьць - гэта калi на Дзяды, у Дзень памяцi продкаў, ты iдзеш на могiлкi й ведаеш, што паставiш сьвечку й пакладзеш кветкi, а ня станеш удзельнiкам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралiтычным газам цi новае мадэлi гумовага дручка.

Незалежнасьць - гэта калi твой сын прынёс са школы пяцёрку па гiсторыi i ты хвалiш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоiшча i перамогу калектывiзацыi, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бiтву, якая ўратавала твой народ ад сьмерцi, i кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

Незалежнасьць - гэта калi да цябе завiтае сьпявак зь Ню-Ёрку, i ты вып'еш зь iм добрую чарку вiшнёўкi, i пасьля ветлiвыя дзяцькi ў цывiльным не запрапануюць табе падрабязна напiсаць, дзе й што вы пiлi й каго пры гэтым лаялi.



2 из 4