- Цiха! Цiха! - ускрыкнула дзiця, павярнуўшы голаў да мяне. - Усё, вядома, так, як трэба.

- Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачынiць дзверы.

- Дзверы я толькi што зачынiў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.

- Пры чым тут турботы. Але ж на гэтым калiдоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калi яны пачуюць, што ў нейкiм пакоi гамоняць, яны палiчаць, што iм дазволена адчынiць дзверы i паглядзець, што тут робiцца. Ад гэтага нiкуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, i яны не ўпадабаюць нiякiх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.

- Ну i што з таго? Чаго Вы напалохалiся? Што да мяне, дык няхай прыходзiць хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачынiў. Вы што думаеце, толькi Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я iх нават на ключ замкнуў.

- Тады добра. Болей мне нiчога i не трэба. На ключ, можа, i не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы - мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце - заставайцеся тут, хочаце - iдзiце сабе: я анi не збiраюся Вас прымушаць. Дый цi трэба мне казаць пра гэта? Хiба Вы мяне так дрэнна ведаеце?

- Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павiнны былi казаць... Я ж дзiця, нашто столькi валтузнi каля мяне?

- Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзiця... Але ж Вы не такое ўжо i малое. Вы зусiм дарослы. Каб Вы былi дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоi са мной.

- Пра гэта нам няма чаго турбавацца. Я толькi хацеў сказаць: тое, што я Вас так добра ведаю, не надта мяне баронiць; проста Вам не трэба высiльвацца, каб манiць мне. Тым не менш Вы дагаджаеце мне. Кiньце гэта, заклiкаю Вас, кiньце. Мне пачынае здавацца, што я не ведаю Вас - так, каб паўсюды i ўвесь час - тым больш у гэткай цемры. Было б лепш, каб Вы запалiлi святло. Не, лепей не трэба. Ва ўсякiм разе, я сабе зазначу, што Вы ўжо мне пагражалi.



2 из 5