Апрача хворай i яго было ў хаце чатыры сонных чалавекi, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакi i падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што лiпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю - згубiць яго. I, як у гарачыню пiць, захацелася яму цiшынi i спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялiчыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мiкiткi:

- Хоць бы агонь у лямпе прыкруцiць трохi.

Усё гэта цягнулася некалькi кароткiх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся i пайшоў у сваю палавiну. Там, накiнуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць i не мог...

Першымi ад енку жанчыны прачнулiся цыганы. Яны ў неразуменнi перакiнулiся адзiн з другiм некалькiмi словамi, азiрнулiся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталi, падышлi блiжай i глянулi ёй у твар. Там выразна адбiвалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькi ўжо з большай сiлай.

- Нейкая вельмi заразлiвая хвароба, - сказаў Мiкiтка, сам не ведаючы, дзеля чаго.

I цыганы абодва глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робiцца вакол iх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлi на двор i сталi запрагаць конi. I ўжо толькi там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылi, перабiваючы адзiн аднаго. Потым пайшлi ў хату, забралi свае рэчы i пайшлi к гаспадару.

Там яны зноў глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю вiноўнасць перад нейкiм за тое, што робяць.

- Х-х-х-хузяiн, э...х-х-хузяiн, бяры грошы за начлег.

- Палажы на стол, - абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.

Ён саўсiм не здзiвiўся, што цыганы сабралiся ехаць. Ён цяпер рабiў натугi, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна i цiха, нiчога надзвычайнага не робiцца. Ён не глянуў нават на грошы, не пацiкавiўся, колькi яму цыган палажыў iх на стол, не выйшаў нават вароты зачынiць за цыганамi. Ён толькi чуў, як загрукаў на двары калясьмi цыганскi воз па прымёрзшай зямлi, i тады падняўся i стаў хадзiць па хаце.



15 из 20